понедельник, 19 июля 2010 г.

“Druk”

Друк – аснова духоўнасьці

Пра кнігу Юрыя Гарбінскага “Беларускі рэлігійны друк на Захадзе”

Кніга вядомага гісторыка і дасьледчыка Юрыя Гарбінскага “Беларускі рэлігійны рух на Захадзе” з першых жа старонак прыцягвае ўвагу шырокім маштабным падыходам аўтара да абранай тэмы, значна шырэйшым, чымсьці гэта абвешчана ў назове выданьня. У выказваньні Зоры Кіпель, пададзеным як эпіграф да ўсяго дасьледваньня, гучыць думка аб тым, што беларускі друк на эміграцыі – гэта частка радзімы, частка ўсёй Беларусі, “якую эміграцыя прадстаўляла... ў сужыцьці з іншымі дзяржавамі й народамі”. Ва ўступе да кнігі падкрэсьліваецца, што крах савецкай імпэрыі ў канцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя выклікаў шырокую цікавасць да беларускай эміграцыі, да яе гісторыі і да яе друку. І далей сабраныя ў раздзелах гэтага выданьня даведачныя, гістарычныя, аналітычныя, статыстычныя ды іншыя матэрыялы пераканаўча адлюстроўваюць значэньне беларускай прэсы на Захадзе ў захаваньні нацыянальнай духоўнасьці, паказваюць яе ролю “лучніка між людзьмі”, ахоўніка супроць асіміляцыйных працэсаў, ахоўніка роднай мовы, звычаяў, веравызнаньняў, нацыянальнага самапачуцьця.
Аўтар прааналізаваў амаль ці ня ўсе літаратурныя крыніцы па гэтай тэме, прагледзеў і выкарыстаў безьліч архіўных матэрыялаў, у тым ліку і тых, што захоўваюцца ў прыватных зборах, запісаў гутаркі з многімі асобамі, якія мелі дачыненьне да таго, што выдавалася на эміграцыі. Перед чытачом паўстаюць не толькі зьвесткі аб шматлікіх друкаваных выданьнях, але і згадкі пра цікавыя падзеі з гісторыі жыцьця нашых беларусаў у краінах, дзе яны апынуліся ў розныя часы. Узьнікае ўражаньне, што мы чытаем старонкі гісторыі нашай эміграцыі і асэнсоўваем увогульле яе значэньне ў нацыянальнай гісторыі беларусаў.
Першы раздзел кнігі прысьвечаны самым розным асьпектам стану вывучэньня гэтай праблемы. Узгадваюцца першыя цікавыя дасьледваньні пра беларускую замежную прэсу; сярод іх, напрыклад такія, як “На чыстым аркушы, або рэдкі феномен рукапіснага друку” А.Адамовіча (Мюнхэн, 1947), або “Кароткі начырк да гісторыі беларускага часапісьменства”(Нямеччына, 1950). Пасьля Другой сусьветнай вайны вельмі многа беларусаў апынулася ў Нямеччыне, і там свая журналістыка пачыналася з рукапіснага і рататарнага друку – іншыя магчымасьці з’явіліся не адразу. Беларускія артыкулы з’яўляліся тады і ў іншамоўных выданьнях – гішпанскіх, украінскіх ды іншых. А потым пачалі з’яўляцца сапраўдныя друкаваныя беларускія часапісы: “Пагоня”, “Шляхам Жыцьця”, “Крывіцкі Сьветач”, “Беларускі Царкоўны Голас”, “Беларус на Чужыне” ды іншыя. Юры Гарбінскі ў гэтым і ў наступных разьдзелах падрабязна расказвае пра многія падзеі ў беларускім друку таго часу. Трапна і дакладна палемізуе аўтар з негатыўнымі ацэнкамі беларускіх замежных публікацыяў, што з’яўляліся на радзіме ў той час і пазьней. Ён прыводзіць цытаты з вельмі тэндэнцыйнага агляду вядомага пісьменьніка Барыса Сачанкі “Беларуская эміграцыя: факты і меркаваньні”, паказвае яўную пракамуністычную, прасавецкую палітызаванасьць гэтай публікацыі. Зрэшты, такіх прыкладаў можна было б прывесьці замнога. (Са свайго вопыту прыгадваю, што толькі не давялося чытаць тады ў падсавецкі час пра беларусаў у замежжы!). Трапна прыводзіць Юры Гарбінскі і цытату з “Адказу Барысу Сачанку” К.Акулы, дзе апрача прынцыповай нязгоды сказана яшчэ і пра тое, што беларусы на эміграцыі “аддавалі цяжка запрацаваныя грошы, каб выдаваць “Запісы”, газэты і часапісы, будаваць сьвятыні і грамадскія дамы, пры ўсім гэтым змагаючыся праз свае публікацыі з вялікім патокам небясьпечнае хлусьні з Масквы і Менску”. Згаданая палеміка і сёньня ня страціла сваёй актуальнасьці.
Уражваюць і сабраныя аўтарам дакладныя зьвесткі і прыклады пра беларускі друк у першыя паваенныя гады і пазьней, а таксама прыведзеныя ўзоры ўліку і статыстыкі з таго часу, напрыклад, зьвесткі аб беларускай прэсе на эміграцыі ў шасьці краінах, надрукаваныя ў часапісе “Божым Шляхам” № 1(28), Парыж, 1950 г., ды і пазьней у гэтым жа ды і ў іншых беларускіх выданьнях. Трэба увогульле адзначыць шырокае выкарыстаньне Юрыем Гарбінскім зьвестак з самых розных бібліяграфічных выданьняў, цытаваньне і спасылкі на працы шэрагу выдатных дасьледчыкаў у галіне беларускай бібліяграфіі, такіх як М.Панькоў, Зора і Вітаўт Кіпелі, Ч.Будзька, Ю.Віцьбіч, Я.Запруднік, В. Тумаш, пазьней – Л.Юрэвіч ды многія іншыя.
Наступны разьдзел гэтай кнігі прысьвечаны агульнаму шырокаму разгляду беларускага перыядычнага друку на Захадзе. Найперш дасьледуецца яго тэматыка, шляхі і спецыфіка яго разьвіцьця, профілі выданьняў, іх перыядычнасьць. Зьвяртаецца ўвага на многія цяжкасьці арганізацыі друку пасьля выезду беларусаў у 50-я гады з Нямеччыны ў розныя краіны. Аўтар падкрэсьлівае, што разгляд усёй перыёдыкі беларускай дыяспары на Захадзе асабліва неабходны як зварот да кантэксту, у якім функцыянавалі непасрэдна рэлігійныя выданьні. Таму, магчыма, і атрымалася так, што кніга, прысьвечаная (як падкрэслена ў загалоўку) рэлігійнаму друку, распавядае ўвогульле і найбольш аб усіх беларускіх перыядычных выланьнях дыяспары. І ад гэтага толькі ўзрастае цікавасьць да кнігі Юрыя Гарбінскага, яе даведачна-пазнавальнае значэньне.
Аўтар спасылаецца на шэраг вельмі цікавых дакумэнтаў таго часу, многія з іх цытуе. Уражвае, напрыклад, запіс справаздачы з пасяджэньня пленуму Беларускае Цэнтральнае Рады ў Берліне 4 сьнежня 1944 году. Цікава, што праблемы беларускай прэсы ўжо тады разглядаліся неадрыўна ад усіх праблемаў жыцьця эміграцыі. Толькі ў Нямеччыне за некалькі паваенных гадоў зафіксавана 120 (!) назоваў беларускіх выданьняў. Потым беларуская прэса пачала з’яўляцца ў іншых краінах: Аўстрыі, Бельгіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Ватыкане, Італіі, Канадзе, Аргентыне, Аўстраліі і, вядома, у Злучаных Штатах Амэрыкі. Прыводзяцца некаторыя вельмі паказальныя статыстычныя зьвесткі: у 1945 – 2005 гадах беларуская дыяспара выдавала 361 беларускамоўны перыёдык і ўдзельнічала ў выпуску 65 іншамоўных друкаў, агульная колькасьць нумароў склала больш за 7300.
У кнізе прасочваюцца працэсы ўзьнікненьня многіх выданьняў, расказваецца аб іх стваральніках і выдаўцах, гаворыцца аб шматлікіх арганізацыйных і прафесійных цяжкасьцях гэтай справы. Мы даведваемся, напрыклад, аб тым, што пэўныя структуры беларускай дыяспары ў Амэрыцы пачалі фармавацца на пачатку 20-х гадоў мінулага стагодьдзя ў Нью-Йорку і Чыкага. Юры Гарбінскі пераканаўча паказвае, што ўзьнікненьне нашай эміграцыйнай прэсы непасрэдна звязана з дзейнасьцю шэрагу грамадскіх і рэлігійных арганізацыяў. Прыемна было, між іншым, даведацца, што ў нас у Чыкага ўжо ў кастрычніку 1926 года пачала выходзіць газэта “Беларуская Трыбуна”. А ўвогульле ў ЗША ў 1948 – 2005 гадах друкаваліся 123 беларускія выданьні. Сучасным чытачам, вядома, будуць цікавыя і лічбы, што сьведчаць пра іх тэматычна-функцыянальную разнастайнасьць: грамадска-палітычныя – 56, рэлігійныя – 28, навукова-прафесійныя – 14, моладзева-скаўцкія – 12, літаратурна-грамадскія – 9, вайскова-ветэранскія – 3, гумарыстычна-сатырычныя – 1. Акрамя газэтаў і часопісаў, выдаваліся і іншыя друкаваныя формы: бюлетэні, камунікаты, абмежнікі (інфармацыя і важныя загады), календары, паштоўкі... Прыводзяцца ў кнізе і шматлікія імёны тых асобаў, хто браў актыўны ўдзел у такой патрэбнай і неабходнай выдавецкай справе. Расказваецца і пра тое, як нялёгка ўсё наладжвалася і рабілася, як канкрэтна спрыялі друку грамадска-палітычныя арганізацыі і рэлігійныя структуры, з якімі цяжкасьцямі сустракаліся тыя асобы, хто непасрэдна рэдагаваў, фінансаваў, рыхтаваў і распаўсюджваў гэтыя выданьні. Падрабязна аналізуе аўтар тэматыку публікацыяў і асноўныя рубрыкі друку, формы і жанры прэсы, ужываньне кірыліцы і лацінікі, тэхнічныя параметры і спосабы памнажэньня друкаванай прадукцыі, прыводзіць нават зьвесткі пра фарматы, памеры і тыражы перыядычных выданьняў.
Наступны вялікі разьдзел прысьвечаны непасрэдна беларускай рэлігійнай перыёдыцы, шляхам і параметрам яе разьвіцьця. Мы даведваемся, што яна пачыналася ў 1913 – 1920 гадах асобнымі каталіцкімі выданьнямі, а ў міжваенны перыяд у Другой Рэчы Паспалітай выходзіла 13 беларускіх перыёдыкаў. Асобныя нешматлікія богаслужбовыя і царкоўна-нарматыўныя друкі з’явіліся падчас нямецкай акупацыі ў гады Другой сусьветнай вайны. Прыводзяцца вельмі паказальныя зьвесткі і аб тым, што ў падсавецкай Беларусі ў 1920 – 1941 і 1944 – 1988 гадах легальна ня выйшла ніводага беларускамоўнага царкоўнага выданьня.
Вядома, менавіта на эміграцыі пачала актыўна разьвівацца справа друкаваньня рэлігійных перыядычных выданьняў. Аўтар прыводзіць пераканаўчыя зьвесткі па розных краінах, дзе была і ёсьць наша дыяспара. Зноў пераконваюць лічбы статыстыкі: ў 1946 – 2005 гадах нашымі эмігрантамі на Захадзе выдавалася 78 рэлігійных перыёдыкаў і календароў: 68 – беларускамоўных і 10 – англамоўных. А прапорцыі з улікам канфэсійнай прыналежнасьці выглядаюць так: праваслаўную прэсу і календары прадстаўляюць 34 выданьні, каталіцкія – 21, пратэстанцкія – 13.
Вельмі цікавыя запісаныя Юрыем Гарбінскім разважаньні многіх вядомых асобаў нашай эміграцыі адносна ролі і значэньня рэлігійных друкаў у жыцьці розных пакаленьняў дыяспары. Вядомы гісторык і публіцыст Ян Запруднік, напрыклад, зьвяртае ўвагу на тое, што беларускія цэрквы былі месцам аб’яднаньня людзей не толькі па прычыне іх нацыянальнай сьвядомасьці. Людзі ведалі, што “царква вучыць дабру, царква спрыяла таварыскім сустрэчам, знаёмствам, і адначасна была месцам малітвы”. Зыходзячы з гэтых меркаваньняў і ідзе ў кнізе далейшы падрабязны разгляд рэлігійных беларускіх друкаў у розных краінах. Вельмі прыемна было чытаць пра выданьні ў нас у Чыкага, такія як “Беларуская Царква”, “Беларускі Праваслаўны Часапіс” і іншыя, пра самаадданых ініцыятараў і дзеячоў выдавецкіх справаў – Вацлава Пануцэвіча, Нікодыма Жызьнеўскага і шэраг іншых. Цікава было дазнацца, напрыклад, што “Беларускі Праваслаўны Часапіс” выдавала каталіцкая вуніяцкая суполка. Мы знаёмімся са складамі рэдакцыяў многіх рэлігійных часапісаў і календароў, чытаем водгукі і нават поўныя лісты ў друкаваныя выданьні ад асобных чытачоў у розныя гады і ў розных краінах.
Падрабязна даследуецца ў кнізе зьмест, тэматыка матэрыялаў і жанры беларускай рэлігійнай прэсы. Апрача артыкулаў непасрэдна на розныя рэлігійныя тэмы, там друкаваліся зьвесткі пра духоўнае і грамадска-культурнае жыцьцё ў замежжы і падсавецкай Беларусі, асьвятляліся выжныя рэлігійныя і іншыя падзеі міжнароднага маштабу і ўдзел у іх беларусаў. Распавядалася пра нацыянальныя сьвяты беларусаў і народаў краін, дзе жыла наша дыяспара, паведамлялася пра творы беларускіх пісьменьнікаў, часам друкаваліся асобныя ўрыўкі з іх. Гаворыцца ў дасьледваньні пра даволі высокі ўзровень мовы беларускіх рэлігійных выданьняў, пра многія арганізацыйныя і фінансавыя цяжкасьці, пра праблемы распаўсюджваньня друку.
Асобны разьдзел прысьвечаны самым разнастайным так званым графічным друкам беларускай дыяспары. Расказваецца пра выданьне паштовак, як рэлігійных, так і сьвецкіх; прычым праследжваецца гісторыя іх выданьня на Беларусі і ў дыяспары. Мы даведваемся таксама пра выданьне картак-памятак, альбомаў, паштовых марак і проста друкаваных налепкаў.
Нельга не адзначыць і вельмі высокі паліграфічны ўзровень гэтай кнігі Юрыя Гарбінскага. Уражваюць самыя разнастайныя, вельмі старанна выкананыя даведачныя табліцы, схэмы і дыяграмы. Асабліва гэта датычыцца каляровых, цікава складзеных і намаляваных параўнаўчых дыяграмаў з самымі рознымі паказчыкамі дадзеных аб беларускім друку ў розных краінах. Амаль трэцюю частку аб’ёму ўсёй кнігі складаюць шматлікія каляровыя ілюстрацыі: вокладкі нашага друку ў дыяспары, малюнкі, фотаздымкі, што былі зьмешчаны ў выданьнях, асобныя тэматычныя налепкі, памятныя паштоўкі. Усё гэта ўспрыймаецца як каталёг сваеасаблівай выставы беларускага друку. Да кнігі далучаны і кампутарны дыск CD з рознымі тэматычнымі табліцамі і статыстычнымі паказчыкамі перыядычных ды іншых публікацыяў. І завяршаюць выданьне шматлікія паказальнікі: пералік архіўных крыніц, сьпіс асобаў, зь якімі аўтар сустракаўся і запісаў размовы, пералік выкарыстанай літаратуры, агульны паказьнік назоваў усяго друку, пра які ішла размова, паказьнік асобаў, што ўзгадваюцца ў выданьні, паказьнік геаграфічных назваў. Заканчваецца кніга падагульняючымі артыкуламі на польскай і ангельскай мовах.
Кніга “Беларускі рэлігійны друк на Захадзе” выдадзена пры непасрэдным удзеле і дапамозе Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва, Катэдры Беларускай Філялёгіі Факультэту Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскага Ўніверсітэту, Інстытуту Славістыкі Польскай Акадэміі Навук. Падзякуем гэтыя ўстановы, а таксама аўтара – Юрыя Гарбінскага за яго тытанічную працу, за вельмі высокі навуковы ўзровень гэтага дасьледваньня. Тое, што ён зрабіў – гэта сваеасаблівая энцыкляпедыя духоўнага беларускага жыцьця. Знаёмства са зьместам і падрабязнасьцямі гэтай кнігі ў наш час, даволі складаны і нялёгкі з пункту гледжаньня нацыянальнага адраджэньня, дае неабходнае адчуваньне сур’ёзнасьці і глыбіні зробленага ў беларускай дыяспары за многія гады. Мы яшчэ раз пераконваемся ў значнасьці выяў беларускай духоўнасьці, у тым, што яны могуць і павінны стаць асновай нашай агульнай мэты – свабоднай і незалежнай беларускай дзяржавы.

Комментариев нет: