понедельник, 19 июля 2010 г.

Ён думаў пра Беларусь

Пра балгарскага пісьменьніка Стэфана Паптонева

Гэтая сумная вестка прыйшла да мяне крыху запознена: у 2005 годзе ў Сафіі памёр пісьменнік Стэфан Паптонеў. Ён быў незвычайным чалавекам, які апантана любіў сваю родную Балгарыю і ня меньш апантана нашу Беларусь.
У свой час лёс звёў мяне з ім даволі блізка. Пазнаёміліся мы недзе на пачатку шасьцідзесятых мінулага стагодьдзя падчас аднаго з першых маіх прыездаў у Балгарыю; адразу ж пасябравалі. Потым Стэфан Паптонеў прыехаў да нас у Беларусь: у яго было апантанае жаданьне напісаць кнігу пра наш народ і пра нашу краіну, у той час адну з рэспублік вялікай савецкай імпэрыі. Я суправаджаў яго паўсюль. Ён хацеў пабываць нават у самых глухіх мясьцінах; я неаднаразова быў сведкам таго, як ён з педантычнай настойлівасьцю і дапытлівасьцю імкнуўся дазнацца як мага падрабязьней пра факты, падзеі і з’явы сучаснага і мінулага Беларусі. У ягоных пытаньнях адчувалася і шчырая зацікаўленасць пачуць і ўбачыць больш, і адначасова непасрэдная ўсхваляванасць тым, што ён пачуў і ўбачыў, пра што даведаўся. У яго не было спецыяльнай праграмы з узгаднёным з уладамі маршрутам, як тады было завядзёна для іншаземных журналістаў і тым болей пісьменьнікаў, і мы ездзілі па ўсёй Беларусі куды хацелі і сустракаліся з кім хацелі. У выніку Стэфан Паптонеў напісаў сваю славутую кнігу, якую назваў “Беларусь – белая балада”. У 1971 годзе яна выйшла ў Сафіі.
Неўзабаве ён прыслаў мне гэту кнігу. Не магу забыцца на свае першыя ўражаньні ад таго, пра што і як пісаў Стэфан: гэта была споведзь чалавека, які ўбачыў Беларусь зусім не так, як было прынята тады і як патрабавала афіцыйная савецкая ідэалёгія. І яшчэ адна якасьць вылучала гэтую ягоную новую кнігу: падкрэслены падыход Стэфана Паптонева да беларусаў як да народу, роўнага з іншымі ў сьвеце, які зрабіў і свой значны ўносак у сусьветную духоўную спадчыну. Да таго ж аўтар горача і са шкадаваньнем гаварыў аб тым, што пра Беларусь, пра яе адметную старадаўнюю і самую новую гісторыю яшчэ, на жаль, у свеце ведаюць зусім мала. Сакавітая вобразная мова, спалучэньне яскравых канкрэтных замалёвак і ўражаньняў, роспавяду пра лёсы людзей, напружаны роздум над тым, што людзі перажылі і як яны жывуць цяпер, – усё гэта адметна вылучала напісанае Паптоневым сярод многіх кніжак нарысаў і падарожных нататкаў.
Тады, прыгадваецца, я адразу ж засеў за пераклад кнігі Стэфана Паптонева на беларускую мову. Зрабіўшы праз пэўны час гэтую працу, я занёс рукапіс у выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Некалькі месяцаў чакаў, ніхто не званіў, адказу не было. Нарэшце, паехаў у выдавецтва сам. Адзін з тагачасных рэдактараў (ня буду прыгадваць яго прозьвішча) выцягнуў рукапіс перакладу з ніжняй шуфляды стала, працягнуў мне і сказаў: “Ведаеш, браце, даволі сумная гэтая кніга. І мы не будзем уключаць яе ў выдавецкі план выпуску на наступны год”.
Забраўшы рукапіс, я пайшоў і стаў думаць, што рабіць. Праз некаторы час, набраўшыся сьмеласьці, вырашыў аднесьці кнігу Стэфана Паптонева непасрэдна дырэктару выдавецтва пісьменьніку Міколу Ткачову і папрасіць яго асабіста яе прачытаць. Гэта было даволі дзёрзка ў той час, дырэктар мог проста адразу адмовіць мне і нават адмовіцца ад сустрэчы. Тым ня меней Мікола Ткачоў згадзіўся “прагледзець, калі будзе вольная хвіліна”, як ён сказаў, гэты рукапіс. Я падрыхтаваўся чакаць. Але літаральна праз два дні, помніцца, даволі позна ўвечары зазваніў у маёй кватэры тэлефон, і Мікола Ткачоў, які лічыўся чалавекам вельмі асцярожным, сказаў: “Я толькі што скончыў чытаць тое, што ты прынёс. Віншую! Адарвацца ня мог. Цудоўную кнігу напісаў Стэфан Паптонеў. Будзем выдаваць адразу без спецыяльнага ўключэння ў выдавецкі план.” І сапраўды праз некалькі месяцаў кніга “Беларусь – белая балада” ўбачыла сьвет на беларускай мове.
Да таго часу Стэфан Паптонеў быў ужо даволі вядомым пісьменьнікам у сваёй краіне. Нарадзіўся ён у гарадку Ляскавец Вялікатырнаўскай акругі, скончыў Сафійскі універсітэт. Добра былі сустрэты чытачамі яго першыя кнігі паэзіі “Трыста метраў”, “Адзіны месяц сакавік”, зборнікі апавяданьняў “Сваякі”, “Дабруджанскія апавяданьні”, аповесць “Цуд”, раман “Апошні стрэл”. Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што і пасьля выдатных твораў пра Беларусь Стэфан Паптонеў напісаў цікавыя мастацкія кнігі ў розных жанрах: раманы “Самая паўночная поўнач”, “Захавайце гэту тайну”, “Афера”, зборнікі апавяданняў “Строгая любоў”, “Сіні бэз”, “Ліст да патомкаў”, “Замах”, паэтычныя зборнікі “Палеміка”, “Пасьля ўрачыстасьцей” і іншыя. Але найвышэйшую ацэнку балгарскай крытыкі атрымала ягоная кніга “Беларусь – белая балада”, а пазней і іншыя яго паэтычныя і публіцыстычныя творы, прысвечаныя Беларусі.
Кніга “Беларусь – белая балада” – не проста запісы падарожніка. Гэта – сваеасаблівы жанр роздуму, жанр, што ўзьнікае на сумежжы паэзіі і прозы. Стэфан Паптонеў расказвае пра лёсы самых розных людзей, з якімі яму давялося сустрэцца ў Беларусі. Сёньня, перачытваючы гэтую кнігу, асабліва ўражвае яе антываеннае гучаньне, аўтарскае прынцыповае адмаўленьне вайны. Пазіцыя аўтара бачыцца сугучнай думкам амерыканца Эрнэста Хемінгуэя і беларуса Алеся Адамовіча. Напрыклад, у час наведваньня Хатынскага мемарыялу на шашы Менск – Віцебск Стэфан Паптонеў успамінае пра свае паездкі ў былы лагер смерці Асьвенцым, а таксама на паўвостраў Вэстэрплатэ, дзе грымнулі першыя стрэлы Другой сусьветнай вайны. І чытач, уражаны разам з аўтарам тым, што адбылося ў Хатыні, чуе вельмі цікавую і павучальную гісторыю. Аказваецца, першы забіты чалавек у Другой сусветнай вайне быў не вайсковец, а звычайны чыгуначнік на Вэстэрплатэ, і забіў яго чаргой са свайго аўтамата не кадравы вайсковец, а чалавек, які да мабілізацыі працаваў настаўнікам у школе. Калі яго спыталі, чаму ён зрабіў гэта, можа ён не бачыў, што забіты паляк не быў у вайсковай форме, былы настаўнік адказаў, што ён усё добра бачыў, што ўсё роўна забіў бы яго, нават калі б ён быў у царкоўным адзеньні, бо так трэба было, бо адна справа страляць у мішэнь, а другая – паспрабаваць дакладнасьць свайго аўтамата, страляючы ў жывога чалавека. Настаўнік нават пахваліўся, што ён чаргой з аўтамата адарваў галаву ў Войцэха Насарэка (так звалі чыгуначніка), так удала ён уцэліў, а раней адной чаргой ён нават палову “твару” ніяк не мог адарваць у мішэні.
Чаму так адбылося? Чаму настаўнік забіў чыгуначніка? Што прывяло да гэтага? Чаму па беларускай зямлі, дзе жыве такі мірны і працалюбівы народ, пракацілася самая жудасная навала вайны? А што будзе надалей, што чакае гэты народ у будучыні? На ўсе гэтыя пытаньні Стэфан Паптонеў імкнецца адказаць па-свойму, даць свае тлумачэнні таму, што яго непакоіць.
І яшчэ адзін матыў гэтай кнігі Паптонева неяк асабліва кранае сёньня, калі перачытваеш яе вачыма ўжо не колішняга перакладчыка, а цяперашняга эмігранта. Расказваючы пра Беларусь, аўтар часта зьвяртаецца ў думках і разважаньнях да сваёй роднай Балгарыі. Напрыклад, у тых мясьцінах, дзе нарадзіліся Янка Купала і Якуб Колас, ён пачуў, як часта ўсе паўтараюць славутыя коласаўскія радкі: “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…” І адразу ж Стэфан Паптонеў прыгадвае, што на яго радзіме, у Балгарыі, кожны, хто нарадзіўся бліз Балканскага хрыбта, гэтак жа часта ўспамінае незабыўныя радкі класіка балгарскай літаратуры Івана Вазава: “Питат ли ме де зората ме й огряла първи път” (“Спытаюць мяне, дзе сьвітаньне азарыла мяне ўпершыню” – літаральны пераклад). І гэты ўспамін для Стэфана Паптонева не проста літаратурная рэмінісцэнцыя, а нешта значна большае, глыбейшае. Такія непаўторныя куткі на роднай зямлі па думцы аўтара кнігі “Беларусь – белая балада” ёсьць сапраўдныя крыніцы натхненьня, яны ўспрыймаюцца як выток мастацкага адлюстраваньня жыцця, мараў і спадзяваньняў, а потым і зьдзяйсьненьняў сваёй нацыі, свайго народу. Думаючы пра Балгарыю, застаючыся верным сынам сваёй радзімы, пісаў Стэфан Паптонеў сваю ўсхваляваную і шчырую кнігу пра Беларусь. “Пабялела ты ад снягоў мудрасці і пакут – ты з вечнасцю заручона, – піша аўтар у вершаваным уступе да гэтай кнігі. – Пабялела ты ад туманоў і ад пуху таполяў, што блакітнай даверылі волі срэбра сваіх вярхоў… Пабялела ад маладых гарадоў і ад касьцей чужакоў… Беларусь – зрэнка ясная, Беларусь – белая балада”. У гэтым прызнаньні – вытлумачэньне вобраза, што даў назву ўсёй кнізе.
А неўзабаве пасля выхаду гэтай кнігі ў свет, амаль праз год з’явілася новая кніга Стэфана Паптонева пра Беларусь. На гэты раз кніга вершаў, якая называлася “Бярозы, я ў палоне ў вас!” Менск і Хатынь, Брэст і Орша, Сож і Неман, Горкі і Вушачы, многія іншыя гарады і вёскі – такая “паэтычная” геаграфія аўтара гэтага зборніка. І ў кожным вершы, нават у чыста пейзажных замалёўках – “Палоньнік”, “Холад”, “Пяшчота”, “Дождж у Бярэсьце” – мы адчуваем шчырую ўсхваляванасць паэта, якая не пакідала яго да апошніх дзён знаходжаньня на беларускай зямлі. У апошнім творы зборніка аўтар гаворыць пра “дзіўную балгарскую рысу” – быць душою і сэрцам разам са сваімі сапраўднымі сябрамі і ў дні гора, і ў дні радасьці. Ад’язджаючы, Стэфан Паптонеў прызнаецца, што сэрца яго застаецца тут, на Беларусі, “дзе сьпявае рачулка і салавей і дзе не астыў яшчэ попел”.
І ў наступныя гады Стэфан Паптонеў як пісьменьнік і публіцыст працягваў увесь час вяртацца да беларускай тэмы, асэнсоўваць многае, расказваць і пра свае эмацыянальныя ўражаньні, і пра свае бесперапынныя роздумы. У 1982 годзе выходзіць яго паэма “Беларуская восень”. Ён напісаў вялікае цікавае дасьледванне “Маладосць стагадовых”, прысьвечанае 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У балгарскіх часопісах друкуюцца ягоныя гутаркі з беларускімі пісьменьнікамі Васілём Быкавым, Максімам Лужаніным, Нілам Гілевічам, Васілём Зуёнкам, з балетмайстрам Валерыем Елізар’евым і іншымі. За апошнія дваццаць пяць гадоў кніга “Беларусь – белая балада” Стэфана Паптонева перавыдавалася ў Балгарыі – чатыры разы, у Менску – тры.
Даводзіцца толькі здзіўляцца таму, як моцна і аб’ёмна ўвайшла наша Беларусь ў ягоную сьвядомасьць, у душу і сэрца гэтага чалавека. Ён жыў думкамі і клопатам пра яе, ён хацеў і рабіў усё, каб пра яе ведалі як мага болей людзей ва ўсім свеце. Даволі актыўна ён перакладаў і беларускую паэзію на балгарскую мову; у яго перакладах друкаваліся творы Францішака Скарыны, Максіма Танка, Максіма Лужаніна, Петруся Броўкі, Аляксея Коршака, Анатоля Вялюгіна, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, Петруся Макаля, Сяргея Законнікава, Навума Гальпяровіча, Алеся Пісьмянкова. Стэфан Паптонеў склаў і выдаў унікальнейшы, адзіны ў сьвеце такога роду зборнік – кнігу вершаў балгарскіх паэтаў, прысьвечаных Беларусі. Названы гэты зборнік “Званы сумленьня” (“Камбаните на съвестта”), у яго ўвайшлі 63 вершы 31 аўтара! Апошнія дзесяць гадоў Стэфан Паптонеў узначальваў грамадска-культуровае таварыства “Балгарыя – Беларусь”, арганізоўваў вельмі многа розных мерапрыемстваў, канцэртаў, сустрэч, выданьне ў перакладах на балгарскую мову асобных кніжак беларускіх аўтараў.
Дазволю сабе прывесці яшчэ адзін урывак з паэзіі Стэфана Паптонева – некалькі строфаў з яго паэмы “Беларуская восень” у перакладзе Рыгора Барадуліна.
Восень у акрасе.
Цеплыні стае,
сонца бачыць ясень
праз лісты свае…

Восень Беларусі,
як кароткі сон.
Я здаюся скрусе,
сам іду ў палон.

Позьняя вясёлка
радасьцю дрыжыць.
Нехта мне вясёла
хоча варажыць.

Гольле ліній долі
поўдню гнуць гады,
ды адна міжволі
рвецца ў халады, –

каб з чужой вясёлкай
зліцца назаўжды.
Нейкай цёплай зёлкай
пахнуць халады.

Ён пайшоў ад нас на 77-м годзе свайго жыцьця. Вясёлка жыцьця і лёсу Стэфана Паптонева навек злілася з вясёлкамі нашых лёсаў, лёсаў тых, што нарадзіліся на Беларусі. І дзе б мы сёньня ні жылі, мы схіляем галовы і аддаем павагу перад памяцьцю гэтага незвычайнага чалавека з Балгарыі. Ён – адзіны, непаўторны. Яго творчая спадчына заслугоўвае пільнай увагі ўсіх беларусазнаўцаў, ўсіх, хто займаецца вывучэньнем міжнацыянальных сувязяў і кантактаў. Ня толькі свайму балгарскаму народу, але і ўсяму сьвету нёс Стэфан Паптонеў праўдзівае слова пра Беларусь.

1 комментарий:

Анонимный комментирует...

"Бенджамін Брыль Лі быў вельмі прафесійным ва ўсе часы, паведамляючы мне пра ўсё, што адбывалася. Калі ў мяне былі пытанні, ён заўсёды быў у стане адказаць. Гэта была мая першая купля жылля, я нічога не ведала пра працэс пазыкі, і ён вельмі лёгка зразумеў рэчы, якія былі ў мяне. Мне вельмі спадабалася працаваць з ім ".
Ён займае крэдытны супрацоўнік, які працуе з групай інвестараў, якія гатовыя фінансаваць любы праект альбо пазычыць вам любую суму з вельмі нізкай цікавасцю. Звяжыцеся з Бенджамінам Брылем Лі E-Mail: Lfdsloans@outlook.com Whats-App Number: + 1-989 -394-3740.