понедельник, 19 июля 2010 г.

Запозненае, але вельмі патрэбнае знаёмства

Даручыўшы складаць зборнік "Беларуская драматургія на эміграцыі", Беларускі інстытут навукі й мастацтва даў мне магчымасьць пазнаёміцца з многімі рукапісамі і матэрыяламі, што захоўваюцца ў архіве гэтага інстытуту. Меркавалася, што спадчына артыста, рэжысёра і пісьменьніка Аўгена Кавалеўскага – гэта, у асноўным, драматургічныя творы (шматактовыя, аднаактоўкі, скетчы, жарты, п’есы для дзяцей). Але якое было мае шчасьлівае зьдзіўленьне, калі сярод спісаных чарнілам на абодвух баках выцьвілых да гэтага часу аркушаў паперы я убачыў і прачытаў зусім не драматургічныя творы, а некалькі невялікіх апавяданьняў, прычым апавяданьняў найвышэйшай, на мой погляд, мастацкай якасьці, сапраўдных, нажаль, невядомых дагэтуль чытачам, пярлінаў беларускай прозы.
Пра Аўгена Кавалеўскага мы ведаем параўнаўча мала. Ён нарадзіўся 7 студзеня 1921 года, выхоўваўся ў дзіцячым садку, дзе выхавацелькай была Уладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы. З дзяцінства ён захапляўся тэатрам, удзельнічаў у спектаклях Тэатра юнага гледача. Рана страціў бацьку, якога сталінскія сатрапы абвінавацілі ў “нацдэмаўшчыне”. Займаўся у школе пры Беларускім дзяржауным драматычным тэатры, іграў у спектаклях гэтага тэатра. З 1944 года Аўген Кавалеўскі жыў у Нямеччыне, арганізоўваў у беларускіх лагерах драматычныя і эстрадныя гурткі, ставіў спектаклі і тэматычныя вечарыны, супрацоунічаў з беларускімі часопісамі, пісаў п’есы (некаторыя з іх павінны быць апублікаваныя ў складзеным мною зборніку “Беларуская драматургія дыяспары”). Потым Аўген Кавалеўскі пераехаў у Парыж, працягваў пісаць п’есы і наладжваць сцэнічныя гурткі, быў адным з кіраунікоў Беларускай незалежніцкай арганізацыі ў Францыі. 27 лістапада 1955 года ў зале Salle Iena ў Парыжы адбылася прэм’ера спектакля па драме Аўгена Кавалеўскага "Асуджаныя". Ен сам паставіў гэты спектакль і выконваў у ім адну з галоўных роляў. Пастаноўка выклікала вялікі рэзананс у французскай сталіцы. Памёр Аўген Кавалеўскі ў гарадку Раян у Францыі 13 жніўня 1963 года пасля цяжкой хваробы.
Няма сумненьня ў тым, што многія рэаліі прозы Аўгена Кавалеўскага навеяныя аўтабіяграфічнымі матывамі. Але вартасць яе зусім ня ў гэтым. Здзіўляе, уражвае перш за ўсе яе высокаякасная мастакоўская фактура: як пісьменьнік валодае словам і стварае вобразную і сымбалічную структуру, як па-майстэрску прымушае чытача адчуць і міжволі увайсці ў створаныя ім, пісьменьнікам, адметны рытм (найскладанейшая якасьць у майстэрстве сапраўднай прозы) і інтанацыю, дзе на дзіва ўдала спалучыўся эмацыянальны і рацыянальны пачатак. Беларуская мова гучыць у Аўгена Кавалеўскага на ўзроўні іншых еўрапейскіх моваў у сацыялагічным і мастакоўскім кантэксце; калі наша адметнасьць і наша сувярэннасьць – літаратура, дык творы Аўгена Кавалеўскага – значны фактар гэтага разуменьня.
У аснове яго апавяданьняў – споведзь, але не завузка суб"ектыўная; у падтэксце кожнага твора адчувальны няспынны працэс мастацкага аналізу і абагульненьня. Адсюль, магчыма, і амаль бясспрэчная ўзорная кампазіцыйная завершанасьць апавяданьняў Аўгена Кавалеўскага. Можна многа цытаваць з прозы Аўгена Кавалеўскага і дзівіцца натуральнасцю і нязмушанасцю яго вобразна-рытмічнай плыні і адначасова ўмельствам трымаць унутраную сюжэтна-фабульную напружанасць.
Але, як мне здаецца, не толькі моўна-вобразнае багацце прыцягне ўвагу сённяшніх чытачоу да гэтай прозы. Надзвычай актуальны яе адраджэнскі матыў, яе сугучча многаму, што хвалюе нас сёння. Аўген Кавалеўскі ў гісторыі нашай літаратуры бачыцца папярэднікам Брыля, Быкава, Пташнікава, Казько, Стральцова. Упэўнены, што беларуская літаратура ня толькі ў нацыянальным кантэксце можа ганарыцца такой навелістыкай; чытаючы яе, узнікаюць асацыятыўныя паралелі з асобнымі апавяданнямі заходнееўрапейскіх і лацінаамерыканскіх майстроў... Адразу знікае і "ружовы туман", і ўсе развагі пра нібыта "несамадастатковасць" беларускай літаратуры ў 20-м стагоддзі. Праблема толькі ў тым, што мы, на жаль не ўсё яшчэ ведаем, – такое было жыцце. Можа, іх не так і замнога, выдатных дасягненняў беларускай літаратуры і мастацтва, але яны, як сказаў яшчэ Максім Багдановіч, "ня толькі свайму народу, але і ўсясветнай культуры... нясуць свой дар".

Комментариев нет: