понедельник, 19 июля 2010 г.

Горкае вяртаньне. На гэты раз назаўжды.

Пра Васіля Быкава і яго новую кнігу “Доўгая дарога дадому”.

Трагічная вестка прыйшла з Менску: не стала Васіля Быкава. Здарылася так, што памёр ён на радзіме, куды каля месяцу назад проста прыехаў падлячыцца. Скончылася яго
доўгая дорога дадому, як ён назваў сваю апошнюю кнігу. Ён памёр праз тры дні пасьля свайго сямідзесяцідзевяцігодьдзя, 22 чэрвеня, у той самы дзень, калі… Паклятая дата.
Усё жыцьцё Васіль Быкаў завельмі часта марыў аб вяртаньні ДАДОМУ, да родных вытокаў, ад якіх быў адарваны спачатку падлеткавым жыцьцёвым няўладкаваньнем, вайной і службай у арміі, а потым, ужо ў сьпелыя гады, той ідэйна-маральнай (назавем яе так) дыстанцыяй, што існавала паміж чаканым уяўленьнем, як павінны жыць пасьля вайны ў дваццатым стагодьдзі родная зямля і родны народ, і тым, што атрымалася, тым, у якіх умовах людзі жылі на самой справе. ДОМ як філасофскае паняцьце так і застаўся вобразам, сымбалем чагосьці ідэальнага і дасканалага, але, на жаль, недасягальнага ня толькі для аўтара гэтай кнігі, але і для ўсёй яго нацыі, якая на пачатку новага дваццаць першага стагодьдзя апынулася на мяжы зьнікненьня.
Першыя старонкі кнігі Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, апісаньне роднай Васілю Быкаву Віцебшчыны, Вушаччыны, маленькай вёскі Бычкі, дзе ён нарадзіўся і дзе прайшло яго дзяцінства, усіх ня вельмі кідкіх, але да болю блізкіх аўтару лясоў, дарог, азёраў, лагчын… Чытач адразу ў палоне дзівоснай аўтарскай інтанацыі споведзі, ягонай адкрытасьці і шчырасьці. Быкаўская праўда, як і ва ўсіх яго творах, бязьмежна абвострана, у кнізе няма ані радка, дзе хоць бы ў якой ступені прагучалі інтанацыі самаапраўданьня ці самалюбства.
Дзіцячыя гады: вучэньне ў вясковай школцы адлюстроўвала ўсе супярэчнасьці таго часу, таго нялёгкага даваеннага жыцьця. Многія аўтарскія прызнаньні кранаюць сваёй шчырасьцю, напрыклад, успамін пра тое, як бацька прачытаў яму ў зусім раньнім дзяцінстве апавяданьне выдатнага беларускага пісьменьніка Міхася Лынькова “Гой”, пачатак якога – “І плакала Рыва…” – помніўся доўгія гады ня толькі Васілю Быкаву. А потым, навучыўшыся чытаць, ён захапляўся Лермантавым (болей, чымсьці Пушкіным) альбо Жуль Вернам, аповесьць якога “З пушкі на Месяц” пераклаў у зусім яшчэ юным узросьце на родную беларускую мову і паслаў у Менск у газэту “Піянер Беларусі”. Але галоўнае у першых эпізодах успамінаў – яскравыя дэталі, прыкметы той нечалавечай сацыяльнай сістэмы, якую ўсталёўвала савецкая ўлада. Так званае раскулачваньне, прымусовы вываз сямей у Сібір ды невядома куды… У разгары калектывізацыі давялося ўпершыню ўбачыць, як плача маці. “У спрэс сялянскай краіне ліквідоўвалася сялянская кляса – што ёсьць клясычны генацыд”, – такі бязьлітасны вывад робіць Васіль Быкаў, расказваючы пра тыя гады.
Перад самой вайной аўтар крыху павучыўся ў славутым мастацкім вучылішчы ў Віцебску, а потым, калі адмянілі ў вучылішчы стыпендыі, давялося перайсьці ў школу ФЗН (фабрычна-заводскага навучаньня), дзе рыхтавалі рабочых-будаўнікоў. У чэрвені 1941 году Васіль Быкаў едзе на Ўкраіну у Шостку, дзе жыў ягоны дзядзька, у пошуках заробку і з надзеяй паступіць у індустрыяльны інстытут. Пачынаецца вайна, яго, семнаццацігадовага, праз ваенкамат мабілізуюць на абаронную працу – капаць супрацьтанкавыя траншэі. Потым было жахлівае адступленьне, усе пацягнуліся на Усход. Васіль адстаў ад сваёй калёны, яго арыштавалі, прынялі за шпіёна, ён цудам пазьбегнуў растрэлу: спагадлівы чырвонаармеец загадаў яму бегчы як мага хутчэй і стрэліў у паветра…
Многа пакутаў выпала тады на долю яшчэ зусім маладога хлопца на нялёгкіх, поўных нягодаў і стратаў дарогах вайны. Мабілізацыя, запасны полк, Саратаўскае пяхотнае вучылішча, баі пад Камышынам і Сталінградам, баі на перадавой ад Дняпра да заходняй мяжы, праз Малдавію, Румынію, Венгрыю… Увесь цяжар свайго вайсковага жыцьця Васіль Быкаў апісвае даволі стрымана, але вельмі вобразна, праз эмацыянальныя і выразныя дэталі. І як ішла кавалерыя ў атаку на нямецкія танкі – ішла на верную пагібель. І як ён зняў пагоны з забітага лейтэнанта і надзеў іх, калі прысвоілі званьне, а забясьпечыць абмундзіраваньнем не змаглі. І як часта траплялі пад абстрэл варожых кулямётаў МГ-42, якія рабілі 1000 стрэлаў у хвіліну, альбо мінамётаў, што выпускалі па 12 мінаў адну за другой: першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылятала дванаццатая. І пра поўны разгром дывізіі пад Кіраваградам у час “аперацыі”, за якую потым маршал Конеў атрымаў ордэн Леніна. І як мог аднойчы ён, Васіль Быкаў, малады камандзір узвода, забіць немца, але не забіў. І пра шматлікія раненьні; абломак мэталу да апошняй сваёй хвіліны ён насіў у руцэ як памяць… З вялікім болем піша Быкаў пра суцэльную непадрыхтаванасьць краіны і арміі да вайны, што адчувалася амаль да самага апошняга яе году: катастрафічна не хапала баепрыпасаў, усё ўзбраеньне – і стралковае ў пяхоце, і артылерыя, і танкі – усё тэхнічна саступала нямецкаму, і немагчыма было весьці баі на роўных. Не было падрыхтавана і камандаваньне, якое ведала толькі адну навуку: страявую падрыхтоўку. “Вайну рабілі дылетанты”, – з горыччу сьведчыць аўтар і расказвае аб тым, як увесь час даводзілася пераадольваць страх. Страх перад ворагам: могуць забіць, узяць у палон, проста страшна падчас бамбёжак ці артабстрэлу. І страх, які ішоў за спінай салдата: ад начальства, ад асабістаў, смерша і іншых карных органаў, якіх у вайну, як падкрэсьлівае В.Быкаў, было ня меней, чымсьці ў мірны час. Адсюль і красамоўнае прызнаньне: “Калі цябе камандзір абяцае расстраляць пад ранак, калі ты ня возьмеш страчаны хутар, ці вышыню, ці траншэю, дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей: немцаў ці камандзіра”. Цытуе аўтар і сапраўдны салдацкі фальклёр, песьню таго часу:
Первая болванка попала в бензобак,
Вылез я из танка, сам не знаю как…
Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить:
В танковой бригаде мне уж не служить.
А наутро рано ведут в особотдел:
Что же ты, подлюга, в танке не сгорел?
Очень виноватый, я им говорю,
В завтрашней атаке обязательно сгорю…
Піша Васіль Быкаў і пра страшэнны разгром некалькіх савецкіх арміяў, які немцы ўчынілі у Венгрыі ўсяго за тры месяцы да канца вайны – факт, які дагэтуль не знайшоў неабходнага асьвятленьня ў прэсе. Затым аўтар служыў у Балгарыі, дзе ён увесь час настойліва прасіў аб дэмабілізацыі. Нарэшце, яго адпусьцілі дадому, ён прыехаў у родную Беларусь, але неўзабаве прыйшоў загад пра новае “залічэньне лейтэнанта Быкава В.У. у кадры Савецкай Арміі”. У гэты раз накіравалі служыць на далёкія Курыльскія астравы, дзе некалькі гадоў паўтаралася ўсё зноў і зноў: статутная муштра, разгул асабістаў, напаўгалоднае існаваньне ў цяжкіх умовах. Толькі праз некалькі год медкамісія вызначыла, што ён “ня годны для службы ў мірны час”, і яго адпусьцілі ў запас. Васіль Быкаў вярнуўся ў Гародню, з цяжкасьцю уладкаваўся на працу ў сакратарыят абласной газэты. Пачалося мірнае жыцьцё з усімі яго нягодамі, самыя першыя з якіх – праблемы атрыманьня кватэры… У той жа час ён актыўна заняўся і літаратурнай творчасьцю.
На старонках сваёй мемуарнай кнігі аўтар даволі скупа і сьціпла піша, як нараджаліся задумы літаратурных твораў, што неўзабаве сталі вядомымі і папулярнымі, – ад “Трэццяй ракеты” і “Мёртвым не баліць” да “Пайсьці і не вярнуцца”, “Праклятай вышыні”, “Знака бяды” ды іншых цудоўных аповесьцяў. Крыху падрабязьней распавядае Васіль Быкаў аб тым, як ва ўсе савецкія гады, у тым ліку і ў так званыя перабудовачныя, даводзілася прабіваць і сваё, напісанае, і тыя асобныя кінафільмы, што былі пастаўленыя па яго кнігах. Многія старонкі прысьвечаны апісаньню задушлівай атмасферы таго часу, трагічным лёсам таленавітых людзей. “Будавалі турму народаў, а казалі – камуністычнае грамадства”, – вось быкаўская ацэнка зусім нядаўняга мінулага. Увесь той час у былым СССР ды і цяпер у Беларусі грамадска-дзяржаўная сістэма трымалася і трымаецца на абвастрэньні унутранай рэпрэсіўнай палітыкі кіруючай партыі ды яе карных органаў, – такі сумны вывад аўтара, пацьверджаны ў гэтай кнізе мноствам яскравых прыкладаў. Самыя пераканаўчыя з іх – сугуба асабістыя: разгромныя артыкулы пра яго творы, каменьні, што ляцелі ў вокны гарадзенскай кватэры Быкава на вуліцы Кашавога, вобыскі у адсутнасьці жыхароў, “жучкі” і бесперапыннае падслухоўваньне, нарэшце, проста выклікі “на гутаркі” у ворганы і адкрытыя напады і біцьцё на вуліцы. Тэма пастаяннага сачэньня з боку КГБ гучыць і ў аповедзе пра некаторыя замежныя паездкі аўтара. “Рукапісы не гараць, але не гараць і даносы”, – заўважае ён.
З вялікай павагай і цеплынёй успамінае Васіль Быкаў пра тых, хто быў побач і падтрымліваў яго ў цяжкія хвіліны. Гэта і яго гарадзенскія сябры пісьменьнік Аляксей Карпюк і гісторык Барыс Клейн, гэта і выдатныя дзеячы беларускай літаратуры Рыгор Барадулін, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, гэта і расейскі паэт Аляксандр Твардоўскі, і вядомыя крытыкі Лазар Лазараў і Ігар Дзядкоў, журналіст Мікола Матукоўскі і іншыя. Аўтар кнігі актыўна падтрымлівае думку Алеся Адамовіча аб неабходнасьці павышэньня інтэлектуальнага ўзроўню беларускай літаратуры, што асабліва важна сёньня дзеля захаваньня нацыі і яе мовы.
У сувязі з тэматыкай сваёй літаратурнай творчасьці і пастаяннай крытыкай у свой адрас Васіль Быкаў неаднаразова вяртаецца да думкі аб антынароднай сутнасьці кожнай вайны. І ня толькі таму, што падчас Другой сусьветнай загінула, напрыклад, 97% тых, хто, як і ён, нарадзіліся ў 1924-м. Быкаў спасылаецца на Хэмінгуэя, на яго рэзка адмоўныя адносіны да вайны ўвогульле. Магчыма, сёньня гэта выкліча новыя спрэчкі. Тым не меней аўтар прызнаецца, што, пішучы многія аповесьці і апавяданьні, яго перш за ўсё цікавіла адлюстраваньне подзвігу духу ў жорсткай мясарубцы вайны і ў мірны час, калі “мы жылі ў ненармальным, звыродлівым сьвеце”, калі “элементарныя меркаваньні здаровага сэнсу былі адпрэчаны”, калі “сэнс зрабіўся клясавым, партыйным…”
У канцы кнігі пісьменьнік разважае аб тым, чаму народу нічога не прынесла так званая перабудова, а беларусы наогул атрымалі заміж яе дубінкі, пачынаючы з сумна вядомых падзей на Дзяды ў 1988 годзе. З гэтым аналізам звязана і размова пра няўдачы нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі. Высока ацэньваючы асобу Зянона Пазьняка, кіраўніка Беларускага Народнага Фронту, ягоную апантанасьць і адданасьць ідэям нацыянальнага адраджэньня, Васіль Быкаў піша пра тактычныя памылкі Фронту, што настроіла супраць яго многіх, якія не пажадалі згадзіцца з пэўным максімалізмам лёзунгаў і патрабаваньняў. У сувязі з гэтым уяўляе вялізную актуальную цікавасьць наступны прынцыповы вывад аўтара кнігі “Доўгая дарога дадому”: “Беларускі народ у сваёй масе напрыканцы ХХ стагодьдзя меў клопат ня так з праблемай адраджэньня, як з праблемай выжываньня. Хоць як-небудзь, хоць з бальшавіцкім рылам, але каб не ператварыцца ў мерцьвяка, што ўвогульле было рэальна. Па сутнасьці ішоў працэс паміраньня (ва ўсіх сэнсах), і важна было клапаціцца, як затрымацца на краю пагібелі, а ня дбаць пра колішнюю веліч часоў ВКЛ. Народ тое адчуваў інстынктыўна і таму на першых прэзідэнцкіх выбарах у масе сваёй не пайшоў за Пазьняком і БНФ з іх віртуальным нацыянал-дэмакратызмам…”
Рэзка адмоўна ацэньвае Васіль Быкаў цяперашні дыктатарскі рэжым на сваёй радзіме. Давялося зноў пакінуць яе, таму што сёньня там “ні сяляне ня маюць зямлі, ні пісьменьнікі ня маюць свабоды, хоць бы свабоды на родную мову”. Вось так, на песімістычнай ноце заканчваў ён сваю доўгую дарогу дадому, сваю споведзь вяртаньня, хоць і прызнаўся: “мая душа прагне аптымізму”.
І вось – гэта нечаканая смерць, вялізная нічым непапраўная страта для ўсёй Беларусі, для яе шматпакутнага народу. Яго імя было сымбалем нацыі, яе сумленьнем. Творя Васіля Быкава прымусілі гаварыць пра беларускую літаратуру і мастацтва ў кантэксьце сусьветнай духоўнасьці.
Цяжка пісаць пра яго сьмерць. “Мёртвым не баліць” – так называлася яго выдатнейшая кніга, якая, між іншым, на мове арыгіналу ўпершыню выйшла ў нас у Амэрыцы. Васіль Быкаў памёр. Яму, напэўна, ужо не баліць. Баліць, невыносна баліць усім нам.

Комментариев нет: