понедельник, 19 июля 2010 г.

“Я імгненьне жыву, і памру на імгненьне…”

Пра Уладзіміра Караткевіча. Крыху роздуму і ўспамінаў.

Ён нарадзіўся 26 лістапада. Гэтая ж дата – так супала – ёсьць і дзень сьмерці вялікага сына зямлі беларускай Адама Міцкевіча, уплыў асобы і творчасьці якога Уладзімір Караткевіч адчуваў усё сваё жыцьцё. Можа таму ён так зьвяртаўся да слыннага клясіка: “Кажуць, што ў ноч на дваццаць шостага лістапада ты з’яўляешся на зямлю, якая цябе нарадзіла, і ходзіш па ёй, заглядаючы ў кожную хату, у кожную адрыну, на дно кожнага глыбокага возера… Нячутныя крокі твае, а вочы з пяшчотнасьцю нябачнай глядзяць на гэту простую і мілую зямлю…”
Гэтыя словы прыгадваюцца сёлета, напярэдадні сямідзесяціпяцігодьдзя Уладзіміра Караткевіча. Які дзіўны перагук так званых “круглых” датаў: роўна 150 гадоў таму ня стала вялікага польскага і ўсіх славянаў паэта Адама Міцкевіча, а Уладзіміру Караткевічу, выдатнейшаму беларускаму пісьменьніку, было б роўна 75… І падумалася, што тыя згаданыя словы ён мог сказаць і пра сябе самога. Бо ён заўсёды ёсьць і будзе разам з намі, дзе б мы не былі, пакуль будзе жыць наш край і яго людзі, пакуль будуць жыць беларуская мова і беларускі народ.
І яшчэ адна цытата з Уладзіміра Караткевіча не забываецца, асабліва тут, у эміграцыі:
Беларусь! Зялёная, залатая!
Край мой сьветлы, што выпіў мора пакут!
Да апошняй бярозы багаслаўляю
Сьветлы дзень, калі я нарадзіўся тут!
Пражыць Уладзіміру Караткевічу давялося толькі пяцьдзесят чатыры гады. Але ён пасьпеў пакінуць нашчадкам найвыдатнейшую літаратурную спадчыну, якой сёньня ганарыцца і беларуская, і сусьветная літаратура: раманы, аповесьці і апавяданьні, п’есы, нарысы, найцікавейшая публіцыстыка і эсэістыка, сцэнарыі кінафільмаў і тэлевізійных праграмаў. Жыцьцё і творчасьць Уладзіміра Караткевіча – сапраўдны ўзор незвычайнай самаадданай любові да радзімы, заснаванай на высокай чалавечнасьці, на канцэпцыі Чалавека ў нашым сёньняшнім разуменьні, на сучасным падыходзе да гісторыі Беларусі, гісторыі барацьбы яе народу за свабоду і незалежнасьць. Сваёй палымянай творчасьцю, яе ідэйным зьместам, яе жанравай разнастайнасьцю і высокімі эстэтычнымі вартасьцямі Уладзімір Караткевіч працягваў і пашыраў традыцыі і славу беларускай літаратуры, што ішлі ад Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа.
…Мы з ім пазнаёміліся вельмі даўно, ці не на самым пачатку шасьцідзесятых, калі Уладзімір Караткевіч, вярнуўшыся з Вышэйшых літаратурных курсаў у Маскве, стаў жыць у Менску. Быў мой дзень нараджэньня; сьвяткавалі ў нашай аднапакаёвай кватэры на бульвары Шаўчэнкі. Запрасіў я тады да сябе Івана Бурсава, Міхася Стральцова ды Рыгора Барадуліна. Усе ў час сабраліся, аднаго толькі Рыгора доўга не было. Нарэшце – званок у дзверы, я адчыняю, стаіць Барадулін. “Вось табе, Ванкарэм, жывы падарунак, – гаворыць ён і робіць крок убок. За ім стаіць, сарамліва ўсміхаючыся, высокі і хударлявы малады чалавек. – Знаёмся, гэта Уладзімір Караткевіч”. Тады мы няблага пасядзелі і добра ўзялі чарку. Запозна ўсе госьці разышліся, застаўся ў нас дома начаваць адзін Валодзя Караткевіч. Раніцай, калі прачнуліся, ён папрасіў апахмяліцца. Абшукалі ўсе паліцы і ўвесь халадзільнік, але анічога не знайшлі – усё было выпіта папярэдне… Зрэшты, гэты выпадак апісаны Рыгорам Барадуліным у ягонай кнізе “Аратай, што пасьвіць аблокі”, толькі Рыгор, як мне здаецца, крыху перабольшыў адмоўную рэакцыю Валодзі на адсутнасьць тады апахмелкі…
З таго часу мы з Уладзімірам Караткевічам моцна пасябравалі. Я бясконца ўдзячны яму за незвычайную чалавечую ўвагу і шчырасьць, за гатоўнасьць у любы час прыйсьці на дапамогу. Толькі адзін прыклад: праз колькі год ён сам прыйшоў на тэлебачаньне, дзе я тады працаваў, і сказаў, што напісаў рэкамендацыю, каб мяне прынялі ў Саюз пісьменьнікаў, хоць я да яго з такой просьбай раней не звяртаўся. Сказаў таксама, каб я афармляў усе неабходныя дакументы, паведаміў, што ён дамовіўся з Юркам Гаўруком і Язэпам Семяжонам – яны таксама дадуць неабходныя рэкамендацыі. Потым было многа і сустрэч, і гутарак, і сумесных вандровак; асабліва запомніліся паездкі разам з Уладзімірам Караткевічам па Карэліцкім раёне, па Наваградчыне, дзе ён расказваў пра Адама Міцкевіча і пра многія слынныя старонкі беларускай гісторыі, а таксама было цудоўнейшае сумеснае падарожжа ў Вільню, дзе ён ведаў абсалютна ўсё пра кожную вулку, будынак, узгорак, помнік, камень…
Тады, у далёкім ужо 1966 годзе, я працаваў у рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня. Шукаючы нейкія новыя, уласьцівыя тэлебачаньню формы, прапанаваў кіраўніцтву стварыць серыю праграм, прысьвечаных літаратурным і культурным узаемасувязям Беларусі з іншымі народамі. Першаму расказаў пра задуму Уладзіміру Караткевічу. Ён актыўна ўхваліў ідэю, згадзіўся быць аўтарам сцэнарыя шэрагу праграмаў і сам прапанаваў распачаць гэты серыял перадачай пра нашыя ўзаемасувязі з Літвой. Помню, якія ўсхваляваныя водгукі мы атрымалі пасьля гэтай праграмы, якую вёў Уладзімір Караткевіч і якая ішла тады ў эфіры на ўсю Беларусь і Прыбалтыку. Асаблівую цікавасьць выклікаў тады расповяд аўтара пра Вільню – калыску беларускай культуры і беларускага адраджэньня. Уладзімір Караткевіч расказваў і пра славутых дзеячоў польскай, літоўскай, яўрэйскай, рускай культур, жыцьцё і дзейнасьць якіх была звязана з гэтым горадам і гэтым старадаўнім беларускім краем. І ў той праграме, як і ў многіх сваіх творах, Уладзімір Караткевіч падкрэсьліваў выключную традыцыйную талерантнасьць беларусаў, іх спрадвечную павагу да суседзяў, жаданьне жыць з імі ў міры і дружбе.
Свой верш-заклік да дружбы і братэрства розных народаў Уладзімір Караткевіч назваў сымбалічна: “Сплятайце рукі!”. Працытую радкі, якія адразу запомніліся назаўжды:
Хто сказаў, што патрэбныя слёзы?
Хто сказаў, што розны наш лёс,
і таму, што насы ў нас розныя,
ты павінен разбіць мне нос?
Хай ён нюхае лепей кветкі
ці каханай сваёй галасы.
Месца хопіць для ўсіх на палетках,
і на ўсіх хопіць весьняй красы.
На ўзьнёслыя радкі выключнай мастацкай сілы Уладзіміра Караткевіча, апрача “Вільні ў дождж, як старая гравюра”, Гародні і Магілёва, Мінска і Наваградка, Воршы і Мсьціслава, Полацака і Віцебска, натхнялі і іншыя далягляды: Пячэрск у Кіеве і Домская вежа ў Старой Рызе, горы Арменіі, “што крывавяць ад ран”, Чатырдаг і Чуфут-Кале ў Таўрыдзе, Марыяцкі сабор і вуліца Дэшчавая ў Кракаве, слёзы фантану Бахчысарая, “быццам расінкі вясёлак з дубоў беларускіх”, “кроў Іліяды, попел Плошчы кветак, Рагнеды плач і Хірасімы прах”… У яго паэзію і прозу асацыятыўна ўрываліся рытмы і мелодыі Чайкоўскага, Шапэна, Шуберта, Бетховена, Манюшкі, Агіньскага, магутныя выяўленчыя вобразы Рафаэля, Рублёва, Босха, Брэйгеля, Дэга, Курбэ, Пікаса, Чурлёніса, Гойі, Шагала, Рушчыца, Драздовіча… У ягонай кватэры ў Мінску можна было сустрэцца і пазнаёміцца з балгарамі Георгіем Вылчавым, Сімяонам Уладзіміравым, Стэфанам Паптоневым, немцам Норбертам Рандавым, чэхам Вацлавам Жыдліцкім, славакам Душанам Слабоднікам, палякамі Фларыянам Няўважным, беларусамі з Польшчы Янам Гушчам, Алесем Баршчэўскім і многімі іншымі, хто неслі і сёньня нясуць у сьвет слова пра Беларусь, пра яе народ, пра яго культуру і духоўнасьць. Згадваецца, што мне пашчасьціла прывесьці да Караткевіча і пазнаёміць з ім Георгія Вылчава, Сімяона Уладзімірава, калі яны прыязджалі ў Мінск. Ды і Норберта Рандава, з якім да гэтага я двойчы сустракаўся на семінарах у Балгарыі і якому тады многа расказваў пра Беларусь і беларускіх пісьменьнікаў.
Сёньня асабліва хочацца падкрэсліць, што адным з найкаштоўнейшых урокаў Уладзіміра Караткевіча ёсьць менавіта гэты: можа, нашым цяперашнім працэсам барацьбы за дэмакратыю, за суверэнітэт і за незалежнасьць, за адраджэньне роднай мовы, спадчыны і духоўнасьці не хапае часам такога шырокага інтэрнацыянальнага, скажам так, пагляду, падыходу да многіх праблемаў і пытаньняў? Пагляду Максіма Багдановіча, што гучыць у ягоных славутых словах аб тым, што “ня толькі беларускаму народу, але і ўсясьветнай культуры…” нясем мы свой дар, – словах, якія часта любіў прыгадваць Уладзімір Караткевіч? Можа, такі падыход хутчэй будзе спрыяць так патрэбнаму сёньня на Беларусі рэальнаму аб’яднаньню ўсіх нацыянальна сьвядомых сілаў, рухаў, напрамкаў і ўсіх, заклапочаных тым, каб Беларусь найхутчэй заняла “свой пачэсны пасад між народамі”?
Уладзімір Караткевіч пакінуў багатую спадчыну ва ўсіх літаратурных жанрах; паступова яна прыходзіць і да новага пакаленьня чытачоў, удзельнічаючы ў фармаваньні яго нацыянальнай самасьвядомасьці. Хацелася б толькі, каб была зьвернута належная ўвага і да яго яскравых драматургічных твораў. Думаецца, што яшчэ наперадзе іх сцэнічнае адкрыцьце і мастацка-вобразнае ўвасабленьне ў тэатрах Беларусі і іншых краінаў. Уладзіміру Караткевічу быў уласьцівы свой, адметны падыход да драматургіі, сваё сцэнічнае бачаньне створаных ім вобразаў. Прыгадваю, як праз колькі гадоў пасьля сьмерці Валодзі мяне ўразілі рукапіс першага варыянту яго народнай драмы “Руна пра Кастуся” і сваеасаблівая прадмова – зварот аўтара да тэатра і артыстаў, што я знайшоў у музэі-архіве Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы. Адразу ж зьдзівіла дакладнае веданьне Караткевічам прыроды і сутнасьці тэатру, законаў сцэнічнага мастацтва. Тады я і зрабіў сабе некаторыя выпіскі з гэтага “Звароту”. Аўтар адразу просіць акцёраў “не ірваць страсьці ў шматкі”. Жанр сваёй п’есы ён вызначае як “паданьне, песьня, а людзі паданьняў павінны быць значна цішэйшымі, чым жывыя, больш задушэўнымі і стрымана рамантычнымі”. Цікавая заўвага Уладзіміра Караткевіча пра народныя сцэны: “За ўсім гэтым павінна цьвёрда праглядваць веліч, бо яны – звычайныя людзі – героі трагедыі, хоць самі і не разумеюць гэтага”. І далей драматург удакладняе: “Нашы героі – проста людзі, выключныя людзі, вельмі страсныя, добрыя і чалавечныя. Яны робяць тысячы памылак, але з гэтай прычыны яшчэ больш дарагія нам, бо іхнія памылкі таксама ад любові… Усе ў п’есе павінны быць людзьмі. Людзі – вось што галоўнае… Людзі, скутыя адным ланцугом… Людзі, якія жылі сто год назад, але якіх мы разумеем, магчыма, лепей, чым сучасьнікаў.”
Ня ўпэўнены, ці надрукаваны дагэтуль гэты “Зварот” Уладзіміра Караткевіча. Лічу, што і ён, як і многае напісанае нашым выдатным творцам, гучыць з кожным годам значна шырэй, актуальней, асабліва з пункту гледжаньня сёньняшняй сацыяльна-культурнай сітуацыі ў Беларусі.
Давайце ж сёньня, успамінаючы Уладзіміра Караткевіча, аддаючы належнае ягонай літаратурнай спадчыне, не ўяўляючы без яго нашу беларускую духоўнасьць, прыслухаемся яшчэ раз да яго ўрокаў-запаветаў. А гэта значыць, будзем рабіць усё, каб наблізіць зьдзяйсьненне яго самай запаветнай мары: “Толькі б вечнае шчасьце каханай старонцы маёй”.

Комментариев нет: