понедельник, 19 июля 2010 г.

BashkobelНезвычайная вобразнасьць мастака Дзімітрыя Башка

У Чыкага ў цэнтры для пажылых эмігрантаў “Forever Young” адбылася выстава вельмі цікавага беларускага мастака Дзімітрыя Башка, які вось ужо 14 гадоў жыве і працуе ў Амэрыцы. Ён нарадзіўся ў Салтанаўшчыне каля старажытнага Нясьвіжа. Па ягоным уласным прызнаньні, ён ужо ў дзяцінстве аблазіў і дасьледваў падмуркі ўсіх навакольных замкаў і храмаў, прычым вельмі падрабязна і дасканальна. Асаблівы каларыт і містыка Нясьвіжа і ягонага навакольля будуць потым прысутнічаць ува многіх жывапісных працах Дзімітрыя. Як і вобразы Навагрудчыны, адкуль родам бацька Дзімітрыя Башка. Ён – сьвятар, якога амаль кожныя чатыры гады пераводзілі на працу ў другі прыход, і сям’я пераязджала разам з ім.
Маляваць хлапец пачаў вельмі рана, але бацькі хацелі, каб ён стаў музыкам. Яго аддалі вучыцца ў Нясьвіжскую музычную школу, потым ён займаўся ў Мададзечанскай мастакоўскай студыі. У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут з першага заходу не прынялі. Забралі ў армію, давялося служыць спачатку ў Чыце ў вучэбцы, потым у спецыяльным танкавым палку ў Манголіі, дзе тры роты з чатырох былі беларускія. Пасьля арміі яго прынялі ў тэатральна-мастацкі інстытут, дзе адразу заўважылт ягоны талент. Ужо на першым курсе ён атрымаў першую прэмію за свой плакат, створаны па матывах жыцьця і творчасьці Янкі Купалы. У той час Дзімітры Башко сустрэўся з вядомым рэстаўратарам Ракіцкім, які працаваў над помнікамі архітэктуры Полацака, і той паказаў яму сапраўдныя роспісы, створаныя ў часы Еўфрасіньні Полацкой і ў пазьнейшыя часы, паказаў, як яны ўзаемадзейнічаюць, перагукаюцца між сабою. Усё гэта зрабіла вельмі моцны ўплыў на далейшую творчасьць маладога мастака.
Потым Дзімітры Башко паехаў вучыцца ў Маскоўскую духоўную семінарыю і ў славутую Школу іканапісу ў Загорску. Навучаньне там вельмі моцна паўплывала на тэматыку і стылістыку ягонага жывапісу. Ён стварае многа жывапісных карцінаў і графічных прац, актыўна ўдзельнічае ў мастакоўскім жыцьці. Прымае ўдзел у розных выставах, многія ягоныя творы захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Германіі, Злучаных Штатах. У 1994 годзе мастак з сям’ёй прымае рашэньне паехаць жыць у Амэрыку: трэба было лячыць дачку, сур’ёзна захварэўшую пасьля Чарнобылю. У Чыкага Дзімітры Башко быў сьвятаром у беларускай праваслаўнай царкве імя Сьвятога Юр’я, закончыў коледж, атрымаў спецыяльнасьць графіка-дызайнера. Зараз працуе ў адной з дызайнерскіх кампаніяў. Увесь вольны час прысьвячае жывапісу. Яго творы выстаўляліся ў Чыкага на калектыўных экспазіцыях, у тым ліку і на памятнай выставе мастакоў з Беларусі “Зямля пад белымі крыламі”.
У многіх працах мастака апошняга часу прысутнічае сымболіка і вобразнасць, навеяныя роднай Беларусьсю. “Крывавая зямля” – так называецца карціна, дзе на пярэднім узроўні – каменні ля Полацкага храму і каменныя ансамблі, што засталіся на гэтай зямлі пасьля разбурэньня гістарычных помнікаў падчас шматлікіх войнаў. Блізкая тэма і тая ж крывавая зямля і на палатне “Начное лета”. Бачыцца пэўная тэматычная сувязь з гэтым адчуваньнем аўтара і ў складанай па задуме карціне-загадцы “Чацьвёрты ідал”. Мастак тлумачыць, што ў сьвядомасьці кожнага з нас з нараджэньня існуюць нейкія ідалы, якія не даюць успрымаць многае ў сусьвеце як трэба, як гэта ёсць на самой справе... Сваеасаблівы аўтабіяграфічны сымбал-вобраз чытаецца ў адной з апошніх карцін “Птушка”. Аўтар нібы падкрэсьлівае, што птушка, якая ў цэнтры кампазіцыі, прыляцела, як і ён, менавіта з Беларусі сюды, у Амэрыку. А на радзіму вяртае правая частка кампазіцыі – так званая “Слуцкая брама”, якая помніцца многім, якая і сёньня сустракае ўсіх, хто прыязджае ў Нясвіж, вядомы сваёй гісторыяй, сваімі замкамі і храмамі. На заднім фоне кампазіцыі – сілуэты і іншых гістарычных помнікаў гэтага гораду. А там, куды прыляцела гэтая птушка, чытаюцца абрысы Сірс-таўэра ў Чыкага. Зноў-такі злучае ўсё гэта крывавая беларуская зямля, выпісаная мастаком вельмі сакавіта і эмацыянальна.
Шмат якія працы Дмітрыя Башка аб’ядноўваюць тэмы старадаўняй гісторыі, біблейскія і міфалагічныя вобразы. Мастак піша ў рознай тэхніцы – яічнай тэмперай, маслам, у апошні час пераважна акрылікам. Яічнай тэмперай, напрыклад, напісана сымбалічная карціна “Вайна”, дзе мы бачым узброенага конніка ў цяжкіх абарончых латах, які сядзіць на вялізным гіпербалічным кані. У гэтай працы, створанай яшчэ да падзей 11 верасьня, чытаецца прадчуваньне будучай трагедыі. Не выпадковыя і тут, на зямлі, што гарыць, абрысы амерыканскіх будынкаў-вежаў.
Піша мастак і ў жанры хутчэй нацюрморту, але і ў гэтых працах чытаюцца ўласьцівыя аўтару інтанацыі, эмацыянальныя і каларыстычныя матывы. Сымболіка “Грэчаскай вазы” – павага да гісторыі, да старадаўніх легендаў. Кантрастным каляровым каларытам прыцягвае ўвагу карціна “Папараць-кветка”; экспрэсіяй, сваеасаблівым перагукам чырвонага, сіняга, зялёнага, жоўтага колераў – карціна “Ноч. Месяц.” Цікавая каларыстычная загадка і ў працах “Усеначная”, “Індзейскі танец” і іншых.
... Карціна “Муза” сустракае нас дапытлівым і прыветлівым паглядам жаночага персанажу. Жанчына нібы пытаецца: “Я вось такая, а хто вы?” Сымболіка працы – паэтычны пачатак і ў вобразе самой Музы, і ў распрацоўцы фону, усяго, што вакол жаночага партрэту, у загадкавых каляровых злучэньнях і пераходах. А каля карціны “Альтыст” мы чуем гукі музыкі: так натхненна і выразна напісаў мастак партрэт свайго сябра-музыкі. Персанаж паказаны не ў час канцэрту, а ў сябе дома, ён падкрэсьлена іграе дзеля сябе. Адсюль і такая сымбалічная рама, што абрамляе ўсю кампазіцыю. А вось напісаны сангінай “Партрэт старога” прыцягвае на дзіва падрабязнай перадачай усіх характэрных рысаў твару персанажу, які з асаблівым настроем сур’ёзнасьці аналізуе ўсё навакол з вышыні сваіх гадоў. І тут, несумненна, ёсьць свая загадка...
Мы спыніліся толькі на некаторых працах Дзімітрыя Башка, што экспануюцца на гэтай выставе. Кожная з іх прымушае падоўгу пастаяць каля яе, пільна паўзірацца, задумацца, убачыць многія цікавыя выяўленчыя дэталі за асноўнымі рысамі кампазіцыі. Павіншуем таленавітага мастака з гэтай цікавай выставай і пажадаем яму новых творчых посьпехаў.

Комментариев нет: