понедельник, 19 июля 2010 г.

Натхненьне радзімы

Новая выстава беларускіх мастакоў у Чыкага

“Беларусь у нашых сэрцах” – так названа мастацкая выстава, урачыстае адкрыцьцё якой адбылося 1 сакавіка ў Чыкага ў вялікай зале цэнтру для пажылых “Forever Young”. Экспануюцца каля сарака (!) твораў адзінаццаці беларускіх мастакоў, якія пасля эміграцыі жылі або жывуць у нашым горадзе. Месяц сакавік быў абраны для такой выставы невыпадкова, бо менавіта 25 сакавіка адзначаецца Дзень Волі – найвялікшае нацыянальнае сьвята краіны Беларусь і беларусаў ва ўсім сьвеце.
Пасьлядоўная тэматычная вернасьць беларушчыне і высокі мастацкі ўзровень усіх твораў – вось асноўныя рысы гэтай незвычайнай экспазіцыі. У цэнтры яе – працы выдатнага беларускага мастака Хаіма Ліўшыца (1912 – 1994), які некалькі апошніх сваіх гадоў жыў і працаваў у Чыкага. А творчыя вытокі гэтага майстра – у Віцебску, ягоным першым настаўнікам маляваньня быў Іегуда Пэн – той, хто вучыў Марка Шагала. Магчыма таму ў цудоўным гарадскім пейзажы “Куток старога Віцебска” мастак ня проста запрашае зірнуць на будынкі са старой архітэктурай: тут моцна гучыць настрой і сымболіка вяртаньня да вытокаў. Сакавітая маляўнічасьць, кампазіцыйная завершанасьць, каларыстычнае майстэрства вылучае такія ягоныя пейзажныя палотны як “Вярба”, “Рака Іслач”. Мы маем магчымасьць пазнаёміцца з напісаным Хаімам Ліўшыцам яшчэ да эміграцыі першапачатковым накідам славутай, вельмі вялікай па памеру карціны “Малітва ў Менску”, працу над якой ён завяршыў непасрэдна ў Чыкага. У аснове кампазіцыі – эпізод з жыцьця ў Менскім гета ў гады вайны. На вачах і ў тварах мужчын, жанчын, старых, дзяцей – боль, трывога, гнеў, слёзы... На пярэднім пляне – нечаканы аўтапартрэт: сам мастак, трымаючы сьвечку, дапытліва і з вялікай трывогай пазірае на нас, гледачоў. У гэтай працы добра адчуваецца глыбіня задумы, спроба зьвярнуць увагу і як след па-філасофску асэнсаваць усе пакуты людзей у той жахлівай вайне. Нельга не адзначыць і яе адкрыта эмацыянальную тэхніку жывапіснага выкананьня.
Сваеасаблівы працяг традыцый Віцебскай мастацкай школы можна ўбачыць і ў карцінах мастака Юзафа Пучынскага, які, на жаль, зусім нядаўна памёр. У яго жывапіснай манеры прыцягвае сакавітасьць і канцэнтрацыя фарбаў, пачуцьцяў, роздуму. Непаўторная прыгажосьць прываблівага кутка радзімы, напрыклад, добра перададзена аўтарам у карціне “Вечар у Беларусі”. У такіх працах мастака як “Ля ракі Нёман”, “Коні” мы зьвяртаем увагу на шматаблічча каляровых адценьняў, на поўны лірызму эмацыянальны настрой. Адчуваецца імкненьне глыбока асэнсаваць тое, што гэты майстар малюе.
У творчым актыве вядомага мастака Ізраіля Радунскага вельмі многа твораў, на якіх адлюстраваны самыя разнастайныя краявіды Беларусі і яго роднага Менска. Ён працуе ў асноўным у тэхніцы акварэлі. На гэтай выставе прывабліваюць яго працы “Сквер імя Янкі Купалы” і “Наш двор”. Мастак падкрэсьлівае прыгажосьць у звычайных гарадскіх краявідах; у агульную лірычную танальнасць нібы ўрываюцца нечаканыя, бы непаслухмяныя, каляровыя штрыхі, і гэта выклікае пачуцьцё радасьці. Побач – працы вядомага беларускага мастака Мая Данцыга. Ён жыве і працуе ў Менску, але часта прыязджае да сваякоў у Чыкага і тут піша свае творы. Дзеля гэтай выставы былі прапанаваны карціны-успаміны Мая Данцыга “Навальніца прайшла”, “Восень на Менскім моры”, “Лодачка”. Гэтыя творы – сьведчаньне каларыстычнага майстэрства мастака, яго арыгінальнага падыходу да кампазыцыі, дасканалага валоданьня насычанай тэхнікай жывапісу. А побач гледачы могуць убачыць творы таленавітага мастака Данііла Цырліна, які жыў і працаваў у Беларусі, але трагічна загінуў вось ужо амаль трыццаць год таму. Прываблівае яго палемічны пошук, накіраваны супраць афіцыйных рэкамендацыяў свайго часу; гэта адчуваецца ў ягонай карціне “Зімовыя прасторы” (масла) і ў напісаных пастэллю працах “Пейзаж” і “Стары самавар”.
Мастак і скульптар Міхаіл Ліўшыц прапанаваў для выставы некалькі пейзажаў, створаных яшчэ ў Беларусі. Прыгажосьць роднага краю добра адчуваецца ў карціне “Жнівень”, дзе мы бачым шматплянавую перспектыву сельскай мясцовасьці менавіта ў гэты час на пачатку восені. Аўтарскае максімальнае набліжэньне да натуры прываблівае ў яго карціне “Дарога”. Цікавыя па кампазыцыі і каляровай фактуры ягоныя пейзажы “Вечар”, “Зарослае возера”, напісаныя (як падкрэсьлівае сам аўтар) каля Ракава. У працах мастака Леаніда Асеньняга заўсёды адчуваецца разнастайнасьць творчых накірункаў. І на гэтай выставе мы бачым поўныя экспрэсіі і лірычнага настрою палотны “Менск, вуліца Гандлёвая” і “Менск, рака Свіслач”). Нельга не звярнуць увагу на асаблівы шэра-серабрысты калярыт гэтых працаў, якія нібы вяртаюць гледача ў мінулае, заклікаюць да ўспамінаў. Імпрэсіяністскія матывы бачацца ў яго карцінах “Чаромха”, “Восень”, “Беларусь маіх дзядоў”. Даволі рэдка выстаўляецца мастачка Соф’я Асеньняя. Напісаны маслам яе пейзаж “Летні дзень” вылучаецца нібы клясычнай кампазыцыяй, але ў ім добра адчуваецца аўтарскі погляд, аўтарскія эмоцыі, сваё, асабістае. Высокі прафесійны ўзровень у перадачы шматлікіх каляровых адценьняў паказвае мастачка ў карціне “Кветкі ў майстэрні”. А два цікавыя палотны – “Нацюрморт з керамікай” і “Нацюрморт з яблыкамі” – сьведчаць аб тым, што аўтар і гэтым жывапісным жанрам можа зацікавіць шматлікіх гледачоў.
Незвычайная яскравая індывідуальнасьць чытаецца ва ўсіх працах таленавітага мастака Дзімітрыя Башко. У кожнай яго карціне схаваны выяўленчы сымбаль, сэнс ідэі альбо вобразу, пэўная тэматычная загадка. Напрыклад, у аснове кампазіцыі “Купальская ноч” – жаночы партрэт, прыгожы задуменны твар з крыху трывожным поглядам вачэй. Незвычайная кампазыцыя і ў карціне “Схаваны час”. Мы бачым вялікую рыбіну ў нейкай падводнай прасторы, на мяжы якой – абрысы самых розных старадаўніх архітэктурных помнікаў і ансамбляў. Моцнае ўражаньне пакідае карціна гэтата мастака, якую ён назваў “Слуцкая брама”. У цэнтры яе – птушка, што вылятае з варотаў добра вядомага помніка архітэктуры. А на фоне і за аблокамі мы можам убачыць выявы і абрысы вялізных хмарачосаў і архітэктурных помнікаў Чыкага... Аўтар нібы падкрэсьлівае, што гэтая птушка прыляцела сюды, як і ён, з Беларусі. А злучае ўсё гэта аснова: крывавая беларуская зямля, выпісаная ў гэтай карціне (акрылік) чырвонымі фарбамі вельмі сакавіта і эмацыянальна.
Мастак Віктар Колас пераехаў у Амэрыку параўнаўча нядаўна. Але тут ён пасьпяхова працуе і піша цікавыя палотны, пераважна ў жанры пейзажу. Прыгажосьць роднай зямлі, лірычны настрой, удалае спалучэньне дакладнасьці натуры і свайго ўяўленьня, – усё гэта бачыцца ў яго карцінах “Поўдзень”, “Рака Беразіна”, “Цецеруковы ток”. Так і хочацца паехаць туды, у тыя мясьціны, пабыць там, падумаць, паразважаць... Сваеасаблівы фінал гэтай выставы – праца “Знойдзенае ў Кентукі” Анатоля Упарта, які зусім маладым прыехаў у Амэрыку, тут працягваў навучаньне і стаў прафесійным мастаком. Анатоль прызнаўся, што любіць часта наведваць штат Кентукі, дзе многае нагадвае яму Беларусь: палі, узгоркі, людзі адкрытыя, непасрэдныя... Так вось і ўзнікла задума арыгінальнай жывапіснай працы: вялікая галіна клёну нагадала мастаку многае, бачанае на радзіме.
На ўрачыстым адкрыцьці экспазыцыі з прывітальнымі словамі выступілі дырэктар Цэнтру “Forever Young” Марта Літас, арганізатары выставы Барыс Цынман і Ванкарэм Нікіфаровіч, старшыня беларускага зямляцтва Іосіф Кацман, мастак Ізраіль Радунскі. Затым адбыўся вялікі канцэрт, у час якога гучалі беларускія народныя песьні і песьні з рэпэртуару славутых “Песьняроў”. Іх выконвалі Барыс Дубноў, Броня Коган, Ірына Вайль, Марат Віленскі, Влад Васількоўскі. Свой “Менскі вальс” і сваю аўтарскую песьню “О Беларусь, мая шыпшына” на словы Уладзімера Дубоўкі выканаў паэт і кампазытар Міхась Клейнер. Нядаўна ў Чыкага пераехаў вядомы кампазытар, паэт, рэжысёр і выканаўца Барыс Насоўскі. Мы пачулі яго песьні “Край мой крынічны”, “Вяртаньне ў юнацтва”, а таксама “Песьню пра маленькую станцыю” на словы паэта Давыда Сімановіча. У час выкананьня многіх песень усе ў зале дружна падпявалі.
На гэтай выставе у Чыкага мы ўбачылі творы некалькіх мастакоў, розных па лёсу, па ўзросьце, па творчых манерах. Але вельмі адчувальна, што аб’ядноўвае гэтыя творы жывапісу агульны сьветапоглядны, эмацыянальны і маральны падтэкст, выказаны ў назве экспазыцыі: “Беларусь у нашых сэрцах”. Упэўнены, што подых гэтага падтэксту застанецца і ў сэрцах тых, хто прыйдзе ўбачыць гэтыя яскравыя і хвалюючыя карціны.

1 комментарий:

Анонимный комментирует...

"Бенджамін Брыль Лі быў вельмі прафесійным ва ўсе часы, паведамляючы мне пра ўсё, што адбывалася. Калі ў мяне былі пытанні, ён заўсёды быў у стане адказаць. Гэта была мая першая купля жылля, я нічога не ведала пра працэс пазыкі, і ён вельмі лёгка зразумеў рэчы, якія былі ў мяне. Мне вельмі спадабалася працаваць з ім ".
Ён займае крэдытны супрацоўнік, які працуе з групай інвестараў, якія гатовыя фінансаваць любы праект альбо пазычыць вам любую суму з вельмі нізкай цікавасцю. Звяжыцеся з Бенджамінам Брылем Лі E-Mail: Lfdsloans@outlook.com Whats-App Number: + 1-989 -394-3740.