понедельник, 19 июля 2010 г.

На палотнах – краявіды радзімы

Паказвае мастак Віктар Колас

Віктар Колас – мастак, які прыехаў з Беларусі ў эміграцыю ў Амэрыку параўнаўча нядаўна, у 2004 годзе. Але цяпер мы маем магчымасьць лепш пазнаёміцца з ім, дзяуючы выставе ягоных твораў, што праходзіць у Чыкага ў Цэнтры “Forever Young”. Мастак піша пераважна пейзажныя творы, працуючы ў клясычнай традыцыйнай манеры жывапісу. “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы!” – міжволі прыгадваюцца гэтыя славутыя паэтавы радкі, калі глядзіш на карціны, якія тут экспануюцца. На большасьці з іх – краявіды роднай Беларусі. Мы зачараваныя пейзажамі Віктара Коласа, што напоўненыя лірыкай, роздумам, часам радаснымі пачуцьцямі, часам сумнымі.
І назвы гэтых палотнаў вельмі простыя і шчырыя. Вось “Восень” – твор, які перш за ўсё вабіць мяккай танальнасьцю фарбаў. Мастак нібы запрашае пабыць разам з ім у гэтым цені дрэў, зірнуць адтуль з захапленьнем на зялёны луг і лес, а потым на схіл узвышша ўдалечыні, асьветленым сінявой лесу. Некаторыя дэталі пейзажаў мастак выпісвае дэталёва, з фатаграфічнымі падрабязнасьцямі, некаторыя – больш абагулена, эмацыянальна. У палатне “Бярозавы гай” адчуваецца захапленьне стройнымі шэрагамі белых бярозак уздоўж звычайнай вясковай дарогі, такой пазнавальнай, што кліча проста пахадзіць там, палюбавацца той прыгажосьцю. А вось “Старое рэчышча” – крыху іншы па настрою твор. Тут мы бачым куток беларускай зямлі, куды, відаць, ня так лёгка дабрацца. На беразе – зялёная сцяна лесу і каменьні старой запруды. А водная паверхня рачулкі прыгожа адлюстроўвае высокія бела-сінія аблокі. Кампазіцыя гэтай карціны Віктара Коласа выклікае крыху сумны лірычны настрой, як і твор “Беларуская рачулка”, дзе прывабліваюць тонкія каляровыя адценьні і пераходы.
Зусім іншая інтанацыя чытаецца ў карціне “Зіма ў Беларусі”. Мы зьвяртаем увагу на перспектыву ўсяго пейзажу, на адценьні колераў – сініх, белых, блакітных – у адлюстраваньні мастаком неба і зямлі, пакрытай сьнегам. Цікавыя і прывабныя хаткі на сярэднім пляне, палосы кустоўніка, зноў усё тыя ж бярозкі. Блізкая па настрою да гэтай і карціна “Вясковая вуліца” з так любоўна выпісанымі хаткамі у агульнай сьветла-блакітнай гаме. Мы нібы адчуваем і тое, як марозна там, у тым месцы, у той час, калі мастак пісаў гэты пейзаж. І тым ня меней аўтар нібы запрашае нас наблізіцца да гэтых дамкоў, магчыма, зазірнуць у адзін з іх. У творы “Бярозкі ля ракі” прываблівае сваеасаблівая кампазыцыя: водная плынь між двух прывабных берагоў рачулкі, а таксама неба, аблокі, што адлюстроўваюцца ў паверхні вады. Сваеасаблівую сымболіку надаюць і цікава выпісаныя старыя каменьні... Гэтымі і шэрагам іншых карцінаў мастак Віктар Колас, адкрыта і шчыра працягваючы традыцыі клясічнага жывапісу, нібы запрашае нас зноў перанесьціся туды, на тую зямлю, дзе ён нарадзіўся, палюбавацца прыгажосьцю яе непаўторнай прыроды.
А калі мастак прыехаў сюды, у Амэрыку, ён хутка пераканаўся, што ў амэрыканскай, асабліва сельскай пейзажнай натуры многа агульнага з беларускай у лірычным настроі, у сваёй прывабнасьці. Віктар Колас і тут працягвае пісаць пейзажы, стараючыся ў сваёй кампазыцыйнай і фарбавай манеры перадаць прыгажосьць і непаўторнасьць маляўнічых куткоў амэрыканскіх штатаў.
Адна з такіх працаў так і называецца – “Адкрыцьцё Амэрыкі”. Разам з аўтарам мы нібы стаім на ўзгорку каля хвоі сярод буянства жоўтых калосьсяў і ружовых палявых кветак, і перад намі адкрываецца прываблівая далечыня. Цікавыя скалы з пясчанымі абрывамі, з загадкавым храмавым збудаваньнем на адной з роўных пляцовак. А над усёй прасторай – сіняе неба з прыгожымі белымі воблакамі. Пейзаж перадае эмацыянальную атмасферу спакою, радасьці жыцьця.
У амэрыканскіх пейзажах мастака, напісаных апошнім часам, з’яўляюцца цікавыя будынкі, арыгінальныя архітэктурныя збудаваньні. Прываблівае, напрыклад, крыху загадкавая архітэктура двух царкоўных збудаваньняў у карціне “Зімовы пейзаж”, дзе каляровае адзінства зямлі і неба вельмі падобнае на беларускі ландшафт. Загадкавы будынак з шырокім падворкам сярод лесу – аснова кампазыцыі карціны “Арол у небе”. І тут – сымболіка радасьці, прыгажосьці жыцьця. У такіх працах адчуваецца ўплыў на мастака ўжо амэрыканскага жывапісу.
У некаторых карцінах Віктара Коласа мы бачым, як у традыцыйную клясычную жывапісную структуру нібы ўрываюцца матывы і настроі, блізкія да пошукаў імпрэсіяністаў. Гэта адчуваецца ў такіх працах мастака як “Акіянскі бераг”, “Вечар” і іншых. Эмацыянальная загадкавасьць добра адчуваецца ў пейзажы “Бачаньне Аляскі”. Намаляваныя ў ім засьнежаныя горы, елачкі, блакітная стыхія вады нібы запрашаюць нас у сваеасаблівую казку. Такая карціна – і гульня фантазыі, і агульнае ўражаньне ад непаўторных амэрыканскіх пейзажаў.
Пра сябе Віктар Колас расказвае вельмі сьціпла і сьцісла. Нарадзіўся ў вёсцы Высокая гара Бярэзінскага раёну. Маляваць пачаў яшчэ у раньнім дзяцінстве, натхнялі творы мастакоў-клясыкаў ХІХ стагодьдзя. Працаваў у сельскай гаспадарцы, стараўся пісаць жывапіс ў кожны свабодны ад працы час. Але ўзьніклі сур’ёзныя жыцьцёвыя праблемы, і было прынята рашэньне паехаць з сям’ёй у эміграцыю. Зараз жыве і працуе ў адной з кампаній у Чыкага.
Першыя водгукі гледачоў гэтай выставы вельмі станоўчыя. Пажадаем жа Віктару Коласу далейшых посьпехаў у творчасьці і ў новым жыцьці.

Комментариев нет: