понедельник, 19 июля 2010 г.

Два волаты зямлі беларускай

Некаторыя развагі пра супадзеньне творчых пошукаў Янкі Купалы і Марка Шагала

У сьнежаньскім нумары “Беларуса” прачытаў пытаньне: “Ці патрапіць імя гэтага мастака (Шагала) ў будучую энцыкляпедыю?” (Маецца на ўвазе “Энцыкляпедыя беларускай эміграцыі”). Дазнаўся і пра тое, што ў альбоме “Беларускія мастакі ў замежжы” няма зьвестак пра Марка Шагала.
Прапаную ўвазе чытачоў “Беларуса” некаторыя свае разважаньні ў сувязі з гэтым.


Янка Купала і Марк Шагал… Так сталася, што нарадзіліся яны ў адзін дзень месяца ліпеня, толькі першы – на пяць гадоў раней другога. Гэткае сымбалічнае супадзеньне набывае, як мне здаецца, асаблівы сэнс, асаблівае значэньне у наш ня вельмі спрыяльны для Бацькаўшчыны і нацыянальнай духоўнасьці час. Асабіста пра сябе скажу, што духоўнае ўзьдзеяньне гэтых двух найвыдатнейшых сыноў беларускай зямлі я адчуваю з тых хвілінаў, як стаў сьведама і самастойна дыхаць, думаць, адчуваць, разважаць…
Мне здаецца, што мы яшчэ вельмі асьцярожна, нясьмела і вельмі-вельмі мала гаворым на нашых сустрэчах і ў нашых мас-мэдыях пра сутнасьць нашай Беларусі і яе шматвекавой гісторыі, пра наш беларускі народ і ўсе асаблівасьці яго духоўнасьці. Пра яго мейсца сярод іншых народаў сьвету, пра зьзяньне менавіта нашай кветкі на сусьветным народавым лузе. Пра тыя эстэтычна высокія ўзоры мастацтва й літаратуры, створаныя на гэтай зямлі, якія ёсьць упрыгожаньнем скарбонкі сусьветных дасягненьняў. Успомнім сьцвярджэньне-запавет Максіма Багдановіча, які гаварыў пра першыя посьпехі маладой беларускай літаратуры і культуры: “Ня толькі свайму народу… але і ўсясьветнай культуры нясем свой дар”. Увесь сэнс тут не ў колькасных паказчыках, а ў якасных.
Янка Купала і Марк Шагал, кожны па-свойму, служылі ня толькі свайму народу. Яны ўзьняліся да эстэтычных вышыняў усяго чалавецтва, іх творамі ганарыцца ўвесь сьвет. Безумоўна, Янка Купала – сьвяшчэннае для кожнага беларуса імя, аснова нашай нацыянальнай духоўнасьці і нашай нацыянальнай самасьвядомасьці. У ягонай лірыцы – уся душа беларускага народа, уся яго ідэнтычнасьць і мэнтальнасьць. Але і ў кантэксьце дасягненьняў сусьветнай паэзіі лірыка Купалы – асобная адметная старонка, адметная высокай паэтычнай эстэтыкай, арыгінальнай вобразнасьцю, бліскучымі знаходкамі формы і структуры верша, гэткім жа ўзроўнем рытмічнага і меладычнага багацьця, як, скажам, у творчасьці Шэкспіра, Гётэ, Байрана, Пушкіна, Міцкевіча.
Янка Купала – ня толькі слынны паэт, але і найвыдатнейшы драматург. Увогуле гэта найскладанейшы жанр – драматургія, яе ўзровень вызначае сапраўдную сталасьць той ці іншай літаратуры, яе значнасьць і сур’ёзнасьць. Купалаўская “Паўлінка”, што вось ужо шмат дзесяцігодьдзяў не сыходзіць са сцэны Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы, – клясічны ўзор натуральнай народнай камедыі, дзеяньне ў якой распачынаецца ад яскравых калярытных характараў персанажаў, а не з якой-небудзь сацыялягічнай або цесна звязанай з якімі іншымі жыцьцёвымі падзеямі прычынай. А такіх твораў вельмі мала ў сусьветнай драматургіі. З яшчэ аднаго твору беларуса Янкі Купалы, з “Тутэйшых” трэба пачынаць гаворку пра тую плынь у сусьветнай літаратуры і драматургіі, якую потым назавуць “стылістыкай абсурду і гратэску” і якая ўжо крыху пазьней дасьць у іншых нацыянальных літаратурах Іянеску і Бекета, Брэхта і Куліша, Эрдмана і Платонава… А Купала быў першым… Спалучэньне ў творчасьці Купалы паэзіі і драматургіі з пункту гледжаньня пачатку еўрапейскага літаратурнага сімвалізму – гэтая тэма яшчэ чакае сваіх дапытлівых дасьледчыкаў.
Многае з Янкі Купалы яшчэ не прачытана як сьлед, многае дагэтуль трактуецца ў сьятле дагматычнага літаратуразнаўства савецкіх часоў. Возьмем, напрыклад, ягоны славуты верш 1924 году “…О так! Я – пралетар!…”, які падаецца ва ўсіх дасьледваньнях і падручніках як паэтава прызнаньне новай ідэялёгіі і новага ладу на Беларусі (“сягоньня я зямлі ўладар і над царамі цар магутны”). Але я перакананы ў тым, што сэнс гэтага твору зусім процілеглы. На купалаўскім рукапісным адменьніку няма знакаў прыпынку; думаецца, што гэта не выпадкова. Давайце ж прачытаем верш з тымі інтанацыямі, з якімі, як мне здаецца, яго напісаў паэт. Пачынаецца твор пытаньнем: “О так? Я – пралетар? Яшчэ учора раб пакутны, сягоньня я зямлі ўладар і над царамі цар магутны?” Усё гэта – пытаньні, нялёгкія выпакутаваныя пытаньні; пытаньне гучыць і далей: “Мне бацькаўшчынай цэлы сьвет? Ад родных ніў я адвярнуўся?” Але ж быць такога ня можа, нарастаньне пытаньняў пераходзіць ў крык-адказ: “Не збыў яшчэ ўсіх бед: мне сьняцца сны аб Беларусі”. Так была ў вершы-васьмірадкоўі, роўным нямногім лепшым узорам сусьветнай лірыкі, выказана аснова нашай нацыянальнай ідэі, словы, якія многія з нас паўтаралі неаднаразова сваім сэрцам і душою: “Мне сьняцца сны аб Беларусі”.
А яшчэ аднаго сына беларускай зямлі, найвыдатнейшага мастака Марка Шагала і дагэтуль у сьвеце (за асобнымі выключэньнямі) яго называюць “расейцам”, “мастаком з Расеі”. А мы, нават цяпер, калі пра яго гаварыць і пісаць на бацькаўшчыне дазволена, вельмі мала і нясьмела пішам і даводзім пря ягоныя ня толькі беларускія вытокі і асновы, але і пра ўсю пераважна беларускую па сваёй ідэнтычнасьці сістэму яго вобразнага і каларыстычнага мысьленьня.
Яўрэйскае, на першы погляд, выхаваньне Шагала – гэта тыповае яўрэйскае выхаваньне менавіта ў беларускім асяродку, на беларускай зямлі. Беларусь дала сьвету гэтага мастака, заклала асновы ягонага таленту, натхніла яго. Ён нарадзіўся і вырас у Віцебску, беларуска-яўрэйскім горадзе. На ягонае станаўленьне ўплываў духоўны этнас і яўрэяў, і беларусаў, часта ў іх дзівосна-чароўным спалучэньні. Той этнас, што існаваў тут жа, побач, у Віцебску і навакольных мястэчках, асабліва ўсё тое, што было звязана з дахрысьціянскімі, паганскімі вобразамі, сымбалямі, абраднасьцю. Да гэтага варта дадаць традыцыі ўнікальнай беларускай школы іканапісу менавіта тых мясьцінаў на мяжы праваслаўя і ўніяцтва, традыцыі, якія прадугледжвалі адносную свабоду кампазыцыйную і каларыстычную, адыход ад кананічных сюжэтаў, наданьне жывых рысаў міфалагічным персанажам.
“Віцебск – гэта месца асаблівае, – напіша Марк Шагал у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе “Маё жыцьцё”. – Тут і шукайце мяне, вось я, мае карціны, мае вытокі”. І потым, у часы Другой сусьветнай вайны, мастак у сваім славутым звароце “Майму роднаму Віцебску” прызнаецца: “Як падарожнік самотны, я толькі нёс праз усе гады твой вобраз на палотнах маіх, і гэтак мовіў з табой, і, як у люстэрку, бачыў цябе… Я не жыў з табою, але не было ніводнай маёй карціны, у якой бы не адбілася твая радасьць, твой смутак. Праз усе гады маёй трывогай было адно: ці мяне зразумееш ты, мой горад, ці мяне зразумеюць твае грамадзяне?”
Давайце прыгадаем выявы карцінаў мастака, іх вобразную сымболіку. Яны ж сапраўдныя летуценьнікі (наша слова!) – гэтыя шагалаўскія персанажы, якія лётаюць над зямлёй. А пад імі і навокал – дзівосны сон, пастаянны матыў вяртаньня да родных мясьцін. Абрысы роднага Віцебска чытаюцца нават у самым апошнім шэдэўры Марка Шагала – у габелене “Йоў”, створаным у апошні год яго жыцьця (экспануецца ў вестыбюлі Чыкагскага рэабілітацыйнага інстытуту). І ў кожнай карціне – адвечны матыў трывогі за родныя мясьціны, за родны дом, за сябе і сваю сям’ю… Я ўзіраюся ў палотны Марка Шагала, а на памяць прыходзяць знаёмыя паэтычныя радкі: “Божа! Гэткі сьвет тут моц стварыла твая! Дзе ж мой дом? Дзе ж мой кут? Дзе айчызна мая?”
Янка Купала і Марк Шагал… Мяне могуць папракнуць: ці не занадта рызыкоўнае супастаўленьне? Але прынамсі ў маім жыцьці і маёй сьвядомасьці гэтыя сыны зямлі беларускай ішлі ўвесь час побач, разам, бо іх абодвух у адзін і той жа час на адной і той жа зямлі хвалявала і непакоіла нешта вельмі блізкае. Таму і такая блізкая ў іх прырода вобразнай мастацкай сымболікі.
На працытаванае вышэй вершаванае пытаньне вялікі пясьняр зямлі беларускай паспрабаваў даць адказ: “Мой дом – прывольле звёзднай далі, арламі мераны абшар…”А ці не да такога ж прытулку пад звёздамі імкнецца ў сваіх карцінах Марк Шагал, добра разумеючы, што няма шчасьця тут, на зямлі гэтым простым людзям – аратым, шаўцам, рамізьнікам, скрыпачам ды проста звычайным закаханым… “А мы, як цені з таго сьвету, ідзём, ня знаючы куды…” Непасрэдна ў Віцебску піша Шагал сваю славутую серыю блакітных, ружовых, зялёных “Палюбоўнікаў”, гледзячы на якія нельга стрымаць хваляваньне і прыгадаць: “Пані ты была, я – пан… Посьле зноў расьцвіў курган…” Гэтак жа і па сэнсу і па інтанацыі, як і персанажы мастака, лірычны герой паэзіі Янкі Купалы зазыўна, з вялікай сілай пераконаньня, заклікае:
К зорам агністым, к прывольлю нябеснаму,
Вырваўшы з ціны жыцьцёвай душу,
Мчыся, ня дайся цярпеньню балеснаму,
Горда пакінь земляную глушу!

К зорам, што так над табой разгараюцца
Льсніста ў мільённай на небе сяўбе,
Рвіся, хай думы прабіць цьму стараюцца:
Там херувімы спаткаюць цябе!
На многіх палотнах Марка Шагала дарога ў неба пракладзена праз Віцебск і Лёзна. А Янка Купала так выказвае сваё запаветнае жаданьне: “Млечны Шлях, што нябесны дзядзінец засьцілае, я б зьняў на зямлю і масьціў бы ім новы гасьцінец цераз родную ніву сваю…” Незвычайнае супадзеньне ў паэта і мастака сымбаляў “агністага сонца”, якое хочацца ўзяць у рукі, што, па-сутнасьці, дадзена было толькі ім абодвум.
А над усім гэтым, як абагульненьне, – матыў адвечнага трагізму чалавечага існаваньня на зямлі: нараджэньне, жыцьцё, старасьць, смерць… Марк Шагал быў ня толькі слынны мастак, але і неблагі паэт. “Браты замоўклыя, бегчы ня ўбоч, а ўпоплеч да зор я хачу якраз. І сьветлай стане цёмная ноч, і ўсе народы пачуюць нас” (пераклад Рыгора Барадуліна). Ці ня праўда: вобразная структура гэтых шагалаўскіх паэтычных радкоў перагукаецца са згаданымі вышэй купалаўскімі?
Янка Купала ня вытрымаў цяжару і жорсткасьці камуністычнага таталітарнага рэжыму і вырашыў сам пайсьці з гэтага жыцьця. Я перакананы ў гэтым, таму што ў свой час спецыяльна ездзіў у Пячышчы, што ў Татарыі, каб паглядзець на так званую купалаўскую апошнюю кватэру. Выгнаны навалай вайны з радзімы, вялікі пясьняр воляю ўладаў вымушаны быў жыць там у страшэнных, амаль гулагаўскіх умовах. Аніякай сувязі з тымі ж эвакуіраванымі ў так званы “тыл” калегамі, суцэльная ізаляванасьць і жудасны сум… І калі, праз пару тыдняў у Маскве, куды Янку Купалу выклікалі на антыфашысцкі радыёмітынг, трэба было вяртацца туды, у нямыя і глухія Пячышчы, перапоўненае трагічнае сьветаадчуваньне песьняра ня вытрымала.
Прадбачучы і прадчуваючы жахлівы зыход многіх народаў, Марк Шагал папярэдзіў чалавецтва пра магчымы Халакост (аб гэтым сьведчаць карціна “Белае расьпяцьце”, напісаная ў 1938 годзе, што зараз знаходзіцца ў Чыкагскім Арт-Інстытуце, ды многія іншыя яго творы). Калі над сьветам навіснуў фашызм, Шагала ўратавала Амэрыка. Тут ён знайшоў прытулак і сяброў…
Такія вось, магчыма, у нечым і суб’ектыўныя думкі прыходзяць, калі тут, удалечыні ад радзімы, разважаеш над лёсам гэтых двух вялікіх яе сыноў. Але ж не забываюцца і славутыя купалаўскія радкі: “І няма на сьвеце так вялікай меры, і няма на сьвеце так каваных дзвераў, каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі Беларусь са мною разлучыць пасьмелі!” Вядома, гэта сказана хутчэй як пажаданьне, як мара.
Зрэшты, яе зьдзяйсьненьне залежыць ад цябе самога.

Комментариев нет: