понедельник, 19 июля 2010 г.

“Беларусь – мая мова і песьня...”

Да 75-годьдзя з дня нараджэньня Рыгора Барадуліна

Гэтая дата ў сёлетнім лютым бачыцца асабліва адметнай і значнай: выдатнейшы беларускі паэт Рыгор Барадулін 24-га адзначае свае семьдзесят пятыя ўгодкі. Ягоная высокамастацкая паэзія – узор велізарнейшага духоўнага багацьця і непаўторнасьці нашага шматпакутнага народу, сваеасаблівая квінтэсэнцыя ягонай душы. І адначасова – выхад у сусьветны паэтычны кантэкст, дзе паэзія Рыгора Барадуліна сёньня існуе ў адной плыні і побач з творчай спадчынай вядомых хрэстаматыйных імёнаў. Сёлетні юбіляр падхапіў эстафету ад Янкі Купалы, працягваючы словам і вобразнасьцю узьнімаць да незвычайнай вышыні, як філасофскай, так і эстэтычнай, такія сьветапоглядныя катэгорыі, як мова, народ, родная крывіцкая зямля, свабода, незалежнасьць. А ад Максіма Багдановіча Рыгор Барадулін пераняў ягонае разуменьне мейсца беларусаў сярод іншых народаў у сьвеце, заснаванае на вызначэньні-закліку Багдановіча “ня толькі свайму народу, але і сусьветнай культуры несьці свой дар”.
Маючы сёньня такога слыннага паэта, мы, беларусы, можам лічыць, што мы – шчасьлівы народ. Рыгор Барадулін узьняў нашы сучасныя і схаваныя ў пакаленьнях моўныя і вобразныя багацьці да вышыні адчувальнага непасрэднага эмацыянальнага ўзьдзеяньня; у ягоных творах моўныя скарбы, узбагачаючы нашы душы, зіхцяць усімі адценьнямі прыгажосьці. Вершы, паэмы, ліставаньне, пераклады Рыгора Барадуліна, – усё, ім створанае, стаіць сёньня на варце сапраўднай беларускай духоўнасьці, даючы адчуваньне прыналежнасьці да нацыі, якая на многае здольная, у якой павінна быць шчасьлівая і плённая будучыня.
Згару на вейцы тваёй расінкай,
Беларусь – мая мова і песьня...
Гэта ня проста паэтычная дэклярацыя, гэта – хоць і сьціплае, але сьцверджаньне лініі жыцьця, асноўны яго напрамак, якому Рыгор Барадулін верны ўсе гады сваёй натхнёнай творчасьці.
Зьдзіўляе ня толькі высокі ўзровень паэтычнага майстэрства Рыгора Барадуліна, але і незвычайнай шырыні ягоны тэматычны творчы дыяпазон. Ён піша пра родную матчыну хату ва Ўшачах на Віцебшчыне і пра пах дыму, калі ўвосень у гародах паляць бульбоўнік. Пра туманы над лясным возерам у чароўную пару сенакосу. Пра бацьку Івана, забітага ў час прарыву фашыстоўскай блякады, і пра матчыны Куліны Андрэеўны вочы, якія вечна сьвецяць “сузор’ямі дабрыні”. Пра менскія вулкі і палескія сьцяжыны. Пра абсягі Латвіі і готыку старой Вільні. Пра халодны Уладзівастокскі порт і гарачыя пяскі Туркменіі. Пра вясну ў Фінляндыі і сосны на Кубе, пра фарбы балгарскай восені і пра вулачкі Прагі перад захадам сонца. Пра сваю варажбу на Вялікай Кітайскай сьцяне і пра абед у Парыжы ў доме слыннага мастака Барыса Заборава. Пра маладзік над Брадвеем у Нью-Ёрку і пра сьвятых кароваў на вуліцах Дэлі. Пра Блаславеньне, якое атрымаў у Ватыкане ад Папы Рымскага. Пра пачуцьцё адвечнасьці і каштоўнасьці вытокаў жыцьця і мудрасьці, якое зьведаў у сьвятых мясьцінах старадаўняга Ізраіля... Там паэт адчуў, што “чым Бог бліжэйшы да зямлі, тым Ён нябеснейшы...” Сваё, мясцовае, тутэйшае ў паэзіі Рыгора Барадуліна арганічна спалучаецца з глабальным, сусьветным, яшчэ раз падкрэсьліваючы, што беларусы – такі ж народ, як і ўсе астатнія на зямлі, і што ягоная духоўнасьць – істотная частка духоўнасьці зямной, агульначалавечай.
Многа далёкіх і блізкіх краінаў і земляў давялося ўбачыць Рыгору Барадуліну, але паўсюль, дзе б ён ні быў, ён глядзеў на ўсё навокал вачыма сына Беларусі, вяртаючыся ў вобразах і думках да роднага дому, да роднага парогу, да роднага неба, дзе заўсёды плывуць найпрыгажэйшыя ў сьвеце аблокі.
Трэба дома бываць часьцей,
Трэба дома бываць ня госьцем,
Каб душою ты стаў чысьцей
І ня страціў сьвятое штосьці.
Маё пакаленьне адразу запамінала гэтыя барадулінскія радкі. Яны гэтак жа ўзьдзейнічаюць сёньня на моладзь, якая вельмі хутка пачынае адчуваць і разумець, што ў іх схаваны самы мудры запавет, які рэхам адгукаецца потым у сэрцы на працягу ўсяго жыцьця.
...Мне пашчасьціла пазнаёміцца з Рыгорам Барадуліным, калі мы былі яшчэ зусім маладымі і “зялёнымі”. Гэта адбылося ўжо болей за паўстагодьдзя назад, у 1954 годзе, у Менску, ва ўніверсітэцкім скверы, дзе я сустрэў і загаварыў з маладым хлопцам з Вушач на Віцебшчыне, які прыехаў падаваць дакуманты для паступленьня на філфак Беларускага Дзяржаўнага Універсітэту. Прыгадваю, як я завёў яго тады ў той корпус і на той паверх, дзе знаходзілася прыёмная камісія. З таго часу мы сябруем, мы блізкія па многіх напрамках жыцьця і сьветапогляду. На дасланай мне зусім нядаўна з Менску кнізе “Паслаў бы табе душу...” (ліставаньне з маці) Рыгор Барадулін напісаў: “Родны Рэм! Заўсёды помню цябе. Заўсёды ўздячны табе. Гэта ты ўводзіў мяне ў Менск, дапамагаў мне ва ўсім. Ты жывеш не за акіянам, а праз некалькі вуліц у горадзе ўзаемнай прыязьні і паразуменьня...” У тое, што ён – выдатны паэт, я канчаткова пераканаўся ў 1959 годзе, калі, працуючы ў дзяржаўным выдавецтве, рэдагаваў і рыхтаваў да выхаду кнігу вершаў Рыгора Барадуліна “Маладзік над стэпам”.
Да майго ад’езду ў Амэрыку ў нас было многа цікавых сумесных паездак, сустрэч, гаворак, спрэчак... Узгадваецца многае. І лета 1964 году, калі я павёз у госьці да Рыгора ва Ўшачы вядомага балгарскага літаратуразнаўцу і перакладчыка Георгія Вылчава разам з цудоўным мастаком Барысам Заборавым, якому вельмі падабалася паэзія Барадуліна. Мы прыехалі, пераначавалі, а раніцай нас разбудзіў грукат у дзверы: на парозе стаяў Васіль Быкаў, які, запрошаны Рыгорам, спецыяльна прайшоў пехатою каля 15 міляў са сваіх Бычкоў, каб сустрэцца з намі... Помніцца і яшчэ адно лета, калі мы з Рыгорам суправаджалі ягонага земляка Петруся Броўку ў час паездкі, прысвечанай 70-годдзю гэтага афіцыйнага паэты. У адной вёсцы паміж Полацакам і Ўшачамі быў юбілейны вечар. Броўка выступаў, мы з Рыгорам ціха сядзелі ў зале ў апошніх радах, слухалі... І раптам пачулі вокліч з залы: “Хай пачытае вершы Рыгор Барадулін!” Значыцца, пазналі, значыцца, ведалі ўжо тады. І ня толькі як земляка, але і як цудоўнага паэта.
Між іншым, да Рыгора ва Ўшачы я ў свой час упершыню прывозіў і Міхася Стральцова. А з Уладзімірам Караткевічам я пазнаёміўся, калі Барадулін прывёў яго ў маю менскую кватэру ў якасьці “падарунка” (так Рыгор вызначыў) на мой дзень нараджэньня. Трэба ўвогульле адзначыць, што Барадуліну вельмі падабалася знаёміць і яднаць людзей, ён дапамог творчаму станаўленьню многіх цікавых і дагэтуль як сьлед не ацэненых беларускіх пісьменьнікаў, напрыклад, такіх як Яўген Шабан, Сымон Блатун, Карлас Шэрман ды іншых... Разам з Рыгорам мы ездзілі ў падарожжы ў Літву і Азербайджан, запомніліся і нашыя сумесныя паездкі ў Віцебск, калі мы з Васілём Быкавым і Давыдам Сімановічам разгарнулі актыўную дзейнасьць па дазволу і прызнаньню Марка Шагала на ягонай радзіме... Усё гэта скончылася даўгачаканым адкрыццём Дома-музэя вялікага мастака і помніка ў Віцебску. У час маіх прыездаў у Беларусь з Амэрыкі ў 1995 і 2002 годзе мы амаль не разлучаліся з Рыгорам, бясконца гутарылі, распавядалі пра многае... У 1995 годзе разам з Рыгорам ездзілі ў госьці да Васіля Быкава на Танкавую вуліцу, а ў травені 2002 годзе Рыгор зноў наладзіў сюрпрыз, запрасіўшы мяне абавязкова прыйсьці ў офіс Беларускага Пэн-цэнтру. Я прыйшоў, адчыніў дзверы ў галоўны кабінет, а там сядзеў Васіль Быкаў. Маёй радасьці не было мяжы. Вядомы пісьменьнік тады на некалькі дзён прыехаў у Менск, зусім не думаючы і не чакаючы, што наступны ягоны прыезд праз год стане для яго апошнім, трагічным... І зноў былі бясконцыя размовы, успаміны, гутаркі. Мы ўтрох з Васілём і Рыгорам доўга хадзілі тады па вуліцы Казлова, па праспекце, па Купалаўскім скверы... Многае мне стала зразумелым тады, напрыклад, чаму Рыгор у апошнія гады стала і настойліва піша вершы-лісты, адрасаваныя свайму самаму блізкаму сябру – Васілю Быкаву, якія ён дасылаў у мясьціны вымушанага выгнаньня гэтага выдатнага чалавека і пісьменьніка: у Хельсінкі, у Франкфурт, у Прагу...
Невыпадкова адной з найважнейшай часткай творчасьці Рыгора Барадуліна быў і застаецца мастацкі пераклад. Ён добра разумее неабходнасьць увесьці ў нацыянальны беларускі культуралагічны кантэкст шэдэўры сусьветнай клясыкі і лепшыя творы сучаснай літаратуры розных краін і народаў. Адначасова Рыгор Барадулін яшчэ і яшчэ раз паказвае чытачам неабмежаваныя магчымасьці беларускай мовы, на якую могуць быць пасьпяхова пераствораны іншыя сугуччы з блізкіх і далёкіх моваў, не падобныя і сваеасаблівыя рытмы, вобразы, думкі... Красамоўны толькі пералік паэтаў сьвету, творы якіх выйшлі асобнымі кніжкамі ў перакладах Рыгора Барадуліна на беларускую мову: Ян Райніс, Федэрыка Гарсія Лорка, Сяргей Ясенін, Барыс Пастарнак, Амар Хаям, Габрыэла Містраль, Марк Шагал, Іван Драч, Андрэй Вазьнясенскі, Рыгор Рэлес, Сесар Валеха, Крыстафер Леандаэр, Карлас Шэрман, Ян Павел Другі, Зелімха Яндарбі, Ганад Чарказян, асобная кніга “ Гуканьне паэзіі Усходу” з шэдэўрамі паэтычнай клясыкі Кітая, Японіі, Карэі, В’етнама... Рыгор Барадулін перакладаў з Адама Міцкевіча і Чэслава Мілаша, з многіх паэтаў Балтыкі і Каўказу, Балгарыі і Лацінскай Амэрыкі, Украіны і Сярэдняй Азіі. З асаблівай радасьцю і павагай зьбірае ён усё, што з’яўляецца ў паэтычных радкох пра Беларусь у іншых краінах на ўсіх кантынентах плянеты, і перакладае гэтыя творы на родную мову. У выніку з’явіліся цудоўныя кнігі яго выбраных перакладаў: “Беларусь – мае слова і песня” і “Беларусь мяне збеларушвае. Словы любові”.
Несумненна, што творчасьць Рыгора Барадуліна з’яўляецца найцікавейшым падручнікам для сёньняшняй моладзі і для наступных пакаленьняў, падручнікам, па якім можна вучыцца мове і ўсім клясычным і сучасным формам вершаскладаньня, рытміцы, рыфмаваньню, асацыятыўнай і метафарычнай вобразнасьці. Пры ўсёй раскаванасьці, вобразнай, кампазыцыйнай і структурнай, у кожным новым вершы Рыгора Барадуліна зноў і зноў гучыць пачуцьцё гонару за сваю зямлю і свой народ, народ з такой цудоўнай і непаўторнай мовай, якая “як жыта, спрадвечная”, якая “па жылах цячэ і сонным Сажом і Нёманам...” Зноў-такі заўважым, што гэта пачуцьцё гонару не правінцыяльнае, а глабальнае, з пункту гледжаньня чалавека ўсяго сусьвету. У адной са сваіх найбольш значных паэтычных кнігаў апошняго часу, якая называецца “Ксты”, Рыгор Барадулін дзеліцца сваім роздумам пра многія вострыя і актуальныя праблемы сучаснасьці. Вобразна-сымбалічны сэнс назвы гэтай цудоўнай кнігі – гэта блаславеньне, прароцтва. Многія творы, што ўключаны ў яе, прысьвечаны пошукам сэнсу чалавечага існаваньня. Зварот паэта да Стваральніка адбываецца нібыта над пэўнымі рэлігійнымі канфесіямі; падкрэсліваецца неабходнасьць выпакутаванага агульначалавечага адзінства перад вялікай духоўнай магутнасьцю Усявышняга. І адначасова гучыць заклік да кожнага глыбей глядзець у самога сябе. Адсюль і сваеасаблівы культ маці Куліны, і бязьлітаснасьць паэта да сябе, да сваіх учынкаў – спроба сваеасаблівага маральнага ачышчэньня. Многа найцікавейшага ў гэтай кнізе, у тым ліку і паэтычнае ўзнаўленьне “Псальмоў Давідавых”, “Дванаццаці біблейскіх баладаў” і непаўторная па сіле ўзьдзеяньня нізка “З застрэшша мамінае хаты”.
Заклік Рыгора Барадуліна да маральнага адзінства і духоўнага ўзвышэньня беларускай нацыі, як мне здаецца, набывае сёньня асаблівы сэнс для беларусаў у дыяспары, адарваных ад роднай зямлі. Варта пазбавіцца многіх дробязных разнагалосьсяў і спрэчак, якія, на жаль, замінаюць нармальнаму жыцьцю нашых эмігранцкіх суполак. У паэзіі Рыгора Барадуліна ёсць усё, каб яшчэ раз адчуць і прыняць як аснову сьветапогляду наша нацыянальнае беларускае адзінства.
Давайце ж горача павіншуем яго з юбілеем і пажадаем, каб ён заставаўся надалей такім жа, як ён і ёсьць. Каб было здароўе, часам патрэбнае ўжо ў такія гады. Каб былі такія ж і паэтычнае натхненьне і творчы імпэт і плён. Бо ўсё, што піша Рыгор Барадулін, вельмі патрэбна сёньня многім, хто жыве на зямлі шматпакутнай Беларусі і ў іншых краінах.

1 комментарий:

Anonymous комментирует...

Прывітанне, сябры, гэта маё сведчанне. мы жанатыя 5 гадоў і разам 9 гадоў. нас разлучылі 4 месяцы. Ён хоча выйсці і не гатовы ратаваць наш шлюб. Мы былі цудоўнай парай (прынамсі я ў гэта верыў) і спрачаемся рэдка. За месяцы да таго, як ён выйшаў з дому, ён быў настолькі неактыўны і шмат спаў. Я зразумеў, што ў яго ўзнікае эмацыйная сувязь з кімсьці, і ён пацвердзіў, што прыцягвае да яе. Потым ён сказаў, што больш не закаханы ў мяне і не можа са мной жыць. Я прасіў, плакаў і гэтак далей месяцамі. Мне была патрэбна такая дапамога, і я хачу, каб мой муж вярнуўся да мяне. Я займаўся серфінгам у Інтэрнэце, калі я ўбачыў сведчанне дамы пра тое, як доктар Аджай быў цудоўным заклінальнікам, які дапамог вылечыць міёму, і яна змагла нарадзіць уласнага дзіцяці, які ў чарга аднавіла спакой у хаце. яна кідае свой кантакт, і я скапіраваў яго, спачатку я быў скептычным адносна кантактаў, але мне сапраўды трэба доўгае рашэнне маёй праблемы, таму я пасылаю яму паведамленне, якое тлумачыць маю сітуацыю з ім. Ён сказаў мне быць упэўненым, што мой муж прыйдзе вярнуся да мяне, калі мне трэба рабіць так, як ён загадаў, я зрабіў усё, што ён мне загадаў зрабіць, і на чацвёрты дзень я атрымаў ад яго тэкст прабачэння, у якім ён сказаў, што не ведае, што адбылося над ім, і ў той вечар ён вярнуўся дадому і ўпрасіў прашэнне за ўсе яго няправільныя ўчынкі і з таго часу наша каханне і шлюб былі мацнейшымі. Я хачу падзякаваць выдатнага заклінальніка доктара Аяя за яго добрую працу і за тое, што зноў стала шчаслівым у жыцці. Калі ў вас паўсталі праблемы з сямейнымі шлюбамі альбо ў вас узніклі іншыя праблемы, звярніцеся да д-ра Аяі сёння па электроннай пошце: Drajayi1990@gmail.com або нумар Whatsapp: +2347084887094. Ён здольны выконваць любыя заклёны, якія вы можаце прыдумаць, я жывое сведчанне.